ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 29 ліпеня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +26°C
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
25 мая 2021, 10:12

Хакеісты зборнай Беларусі ўступілі чэхам у матчы групавой стадыі ЧС-2021

Фота hockey.by
Фота hockey.by

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія хакеісты ўступілі чэхам у матчы групавой стадыі чэмпіянату свету ў Латвіі. Гульня завяршылася ў авертайме з лікам 2:3 (0:0, 1:2, 1:0, 0:1) не на карысць падапечных Міхаіла Захарава, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У першым перыядзе каманды, якія выступаюць у групе А, дэманстравалі вязкі хакей з вялікай колькасцю барацьбы. Паступова чэхі адціснулі гульню ў зону беларусаў і прымусілі ігракоў абароны працаваць з поўнай самааддачай. Аднак да рэальных небяспечных момантаў справа даходзіла не вельмі часта. Зрэшты, калі такія эпізоды здараліся, на вышыні былі галкіперы абедзвюх дружын Аляксей Коласаў і Шымон Грубец.

Другі перыяд пачаўся з аблогі варот чэхаў, якія атрымалі выдаленне за блакіроўку. Сапернікі дазвалялі хадзіць шайбе па сваёй зоне, але знаходзіліся на лініі кідка, не даючы магчымасці па-сапраўднаму непакоіць Шымона Грубеца.

Але на 26-й мінуце гульні беларусам удалася хуткая атака. Абаронца чэхаў няўдачна падставіўся пад шайбу, якая адскочыла да Ягора Шаранговіча, і той не прамахнуўся. Чэхі павялічылі тэмп, і адна з іх атак на 30-й мінуце стала галявой. Ян Коварж падставіў клюшку пад перадачу Міхала Мараўчыка, і шайба апынулася ў варотах Аляксея Коласава.

Аднак на гэтым непрыемнасці для беларусаў не скончыліся. Пасля таго, як у штрафны бокс адправіўся Сяргей Касціцын, на 34-й мінуце Філіп Задзіна вывеў сваю каманду наперад. Нягледзячы на старанні беларусаў, лік да другога перапынку не змяніўся.

У трэцім перыядзе чэхі прыбавілі ў руху, беларусы гулялі на контратаках. Адзін з такіх выпадаў завяршыўся на 52-й мінуце дакладным кісцевым кідком у выкананні абаронцы Уладзіслава Яроменкі, які зраўнаваў лік. Нічыя пратрымалася да канца трэцяга перыяду, і матч перайшоў у авертайм.

У дадатковы час у беларускай каманды было два нядрэнныя моманты, каб завяршыць матч на сваю карысць, але Нік Бэйлен і Уладзіслаў Кадола свае шанцы не выкарысталі. А вось Дамінік Кубалік, аказаўшыся сам-насам з варатаром, Аляксея Коласава перайграў, прынёсшы перамогу чэшскай камандзе.

Пасля чацвёртага гульнявога дня чэмпіянату свету турнірнае становішча ў групе А такое:

Славакія - 3 гульні (9 ачкоў), Расія - 3 (6), Швейцарыя - 2 (6), Беларусь - 3 (4), Данія - 2 (3), Чэхія - 3 (2), Швецыя - 2 (0), Вялікабрытанія - 2 (0).

Наступны паядынак зборная Беларусі правядзе 26 мая супраць дружыны Вялікабрытаніі.

Пасля завяршэння першага этапу ў чвэрцьфінал выйдуць па чатыры лепшыя каманды з кожнай групы. У сувязі з адменай сусветных чэмпіянатаў у ніжэйшых групах ніхто не пакіне элітны дывізіён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі