Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
09 студзеня 2024, 09:38

Хакеісты "Шахцёра" атрымалі дзясятую перамогу запар у сезоне экстралігі

Фота з архіва
Фота з архіва
9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трыма матчамі ў Гомелі, Салігорску і Лідзе ў панядзелак прадоўжыўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Лепшы на гэты час клуб сезона "Шахцёр" прымаў хакеістаў "Брэста". Як роўныя з лідарам госці гулялі толькі ў першым перыядзе, калі на гол "гарняка" Вячаслава Андрушчанкі адказаў Усевалад Кашкар. Далей у матчы закідвалі выключна гаспадары: Фёдар Пышкайла ў другой трэці і Уладзіслаў Куліеў з Міхаілам Шалагіным у заключнай 20-мінутцы. Падагульняючы лік - 4:1, гэта вікторыя стала для салігарчан дзясятай запар. Настолькі працяглую пераможную серыю "Шахцёр" выдае ўжо другі раз у гэтым сезоне: у прамежку з 17 кастрычніка па 20 лістапада падапечныя Яраслава Чупрыса таксама выйгралі 10 матчаў запар. "Брэст", у сваю чаргу, прадоўжыў серыю паражэнняў да сямі гульняў.

Адкрываў гульнявую праграму панядзелка паядынак паміж "Гомелем" і "Дынама-Маладзечна". Сустрэча завяршылася сухой перамогай "рысей" - 3:0, два дні таму гамяльчане таксама не далі саперніку закінуць ніводнай шайбы, выйграўшы з лікам 5:0. На гэты раз вароты паўднёвай каманды абараняў Андрэй Грышчанка, гэты шатаўт стаў для галкіпера другім у бягучым сезоне. Таксама 8 студзеня аршанскі "Лакаматыў" у гасцях нанёс паражэнне "Лідзе" (3:2), аўтарам пераможнага гола ў "чыгуначнікаў" стаў Даніла Пяцін.

Пасля 39 тураў рэгулярнага чэмпіянату становішча ў верхняй палавіне табліцы беларускай экстралігі выглядае наступным чынам:

1. "Шахцёр" (Салігорск) - 66 ачкоў;
2. "Віцебск" - 64;
3. "Гомель" - 56;
4. "Нёман" (Гродна) - 54;
5. "Юнацтва" (Мінск) - 49;
6. "Металург" (Жлобін) - 39.

Сёмым з адставаннем ад дзеючых чэмпіёнаў у адзін пункт ідзе наваполацкі "Хімік", далей - "Лакаматыў" (35 балаў) і "Брэст" (33), замыкае дзясятку з 30 ачкамі "Ліда". Па-за зонай плэй-ін пакуль знаходзяцца "Дынама-Маладзечна" (27) і "Магілёў" (24). Наступныя матчы ў чэмпіянаце краіны па хакеі будуць згуляны 11 студзеня.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі