
21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускай хакейнай экстралізе прадаўжаецца фінал Кубка Прэзідэнта, у якім трафей аспрэчваюць гродзенскі "Нёман" і жлобінскі "Металург", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пяты матч процістаяння за чэмпіёнства адбыўся ў гродзенскім Лядовым палацы спорту, да гэтай сустрэчы каманды падышлі з роўнай колькасцю перамог у серыі (2:2). Пачатак паядынку лепш удаўся гаспадарам лёду: ужо на сёмай мінуце чарговую шайбу ў плэй-оф правёў абаронца Даніла Паліўка, а ў хуткім часе Герман Паддубны падвоіў перавагу "Нёмана".
Скараціць адставанне жлабінчане змаглі ў сярэдзіне другой трэці, калі вызначыўся Вадзім Мароз. Але, як высветлілася, узяцце чужых варот стала для "Металурга" апошнім у гэты вечар. Трэці перыяд каманды пачалі пры ліку 2:1 на карысць "Нёмана", а закончылі з лічбамі 6:1 на табло. Галамі за гродзенцаў вызначыліся Павел Баярчук, Сава Андрэеў, Вячаслаў Андрушчанка і Ігар Казячы.
Такім чынам, хакеісты "Нёмана" цяпер знаходзяцца ў адной перамозе ад заваявання Кубка Прэзідэнта. Зрабіць вырашальны крок падапечныя Яўгенія Летава паспрабуюць у суботу ў Жлобіне, шостая гульня фіналу экстралігі пачнецца ў 16.30. У выпадку дамашняга поспеху "Мелалург" перавядзе серыю ў сёмы матч, які будзе праведзены 24 красавіка.-0-