Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 лютага 2017, 13:07

Хакеісты мінскага "Дынама" ўступілі ў першым выязным матчы плэй-оф Кубка Гагарына "Лакаматыву"

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" ўступілі ў першым выязным матчы плэй-оф Кубка Гагарына "Лакаматыву" з лікам 1:2 (0:0, 0:0, 1:2), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Перад першай сустрэчай у Яраслаўлі трэнерскі штаб мінскага "Дынама" мог разлічваць на ўсіх асноўных ігракоў з заяўкі, акрамя абаронцы Рамана Грабарэнкі, які трэніруецца па індывідуальнай праграме.

"Лакаматыў" (Яраслаўль) - "Дынама-Мінск" - 2:1 (0:0, 0:0, 2:1).

Яраслаўль. "Арэна-2000-Лакаматыў". 9000 гледачоў.

"Лакаматыў": Мурыгін (Судніцын); Кронвал (к) - Накладал; Тальба - Канціёла - Казун; Любушкін - Гаўрыкаў, Палунін - Краскоўскі - Каршкоў; Рафікаў - Пашнін, Ільенка - Лакціёнаў - Кадзейкін; Коледаў - Осіпаў, Лугін - Апалькаў - Аверын.

"Дынама-Мінск": Скрывенс (Лаланд); Граньяні - Корабаў, Клінкхамер - Элісан - Мацярухін; Хенкель - Шынкевіч, Палушай - С.Касціцын - Петэрсан; Гатавец - Лісавец, Кулакоў - Кавыршын - Сцяпанаў; Дрозд - Стась - Паўловіч (к); Карабань.

Шайбы: 1:0 - Каршкоў (Гаўрыкаў, Краскоўскі, 44.31). 2:0 - Канціёла (Казун, Кронвал, 48.37, у большасці). 2:1 - Элісан (Корабаў, 51.34).

Кідкі: 35 - 27.

Штраф: 6 - 8.

На старце вырашальнай стадыі сезона ў дзявятым сезоне КХЛ прагнозаў адносна выніку сустрэчы ў Яраслаўлі было дастаткова. Некаторыя эксперты прадказвалі не вельмі яркую гульню з перавагай "Лакаматыва". Матч, наадварот, атрымаўся відовішчным з прысутнасцю барацьбы, няхай і без вялікай колькасці шайбаў.

Форвард дынамаўцаў Мэт Элісан ужо на 2-й мінуце змог стварыць небяспечны момант каля варот гаспадароў пляцоўкі. Яраслаўцы адказалі кідком з нязручнай рукі Андрэя Лакціёнава. У першыя дзесяць мінут сустрэчы дынамаўцы стараліся трымаць шайбу ў зоне саперніка, і ў асобных эпізодах гэта зрабіць ім удавалася. "Лакаматыў" мог разлічваць на контратакі.

Усё змянілася з эпізоду на 11-й мінуце, калі мінчане засталіся ў меншасці. За ўдар саперніка клюшкай арбітры адправілі на лаўку штрафнікоў Ілью Шынкевіча. Хапала ў першым перыядзе і сутычак паміж ігракамі. Прэсінг гаспадароў, якія жорстка гулялі ў корпус, дапамог ім перахапіць ініцыятыву. Галкіпер "Дынама" Бэн Скрывенс часта ўступаў у гульню і не аднойчы ратаваў беларускую каманду.

Пасля адпачынку ў другія дваццаць мінут матчу пачуцці крыху ўлягліся, але абедзве каманды па-ранейшаму стараліся дзейнічаць на высокіх скорасцях і не пазбягалі сілавой барацьбы. Адзін з самых перспектыўных момантаў адкрыць лік упусціў Якуб Накладал. Чэшскі абаронца яраслаўцаў не трапіў па шайбе, знаходзячыся перад неабароненым вуглом варот "Дынама".

Гаспадары пляцоўкі змаглі адкрыць лік у трэцім перыядзе. Мінчане памыліліся пры выкідзе шайбы са сваёй зоны. Яраслаўцы змаглі прадоўжыць атаку, якая завяршылася перадачай абаронцы Уладзіслава Гаўрыкава на Ягора Каршкова. Нападаючы не стаў адразу кідаць, а зрабіў паўзу, абыграў Бэна Скрывенса і адправіў шайбу ў пустыя вароты "Дынама" - 1:0. Добры шанц зраўнаваць лік упусціў адзін з лідараў атакі "зуброў" - Роб Клінкхамер, які адзін застаўся перад варотамі гаспадароў. Хутка мінчане засталіся ў меншасці, пасля парушэння правіл Сяргеем Касціцыным. "Лакаматыў" дакладна разыграў большасць, якая завяршылася магутным і дакладным кідком Петры Канціёла - 2:0.

Вярнуў надзею дынамаўскім балельшчыкам на ўдачны канец першай сустрэчы Мэт Элісан, які на 52-й мінуце з вострага вугла трапіў у вароты галкіпера сапернікаў Аляксея Мурыгіна. Падапечныя Крэйга Вудкрафта значна ўзмацнілі свае дзеянні ў нападзенні. Хутка на выгадную пазіцыю партнёры вывелі Аляксандра Мацярухіна, але зраўнаваць лік беларускай камандзе не ўдалося.

"Лакаматыў" павёў у серыі да чатырох перамог - 1:0. Другі матч у серыі адбудзецца таксама ў Яраслаўлі 23 лютага і пачнецца ў 17.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі