Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
01 лістапада 2021, 11:45

Хакеісты мінскага "Дынама" ўступілі "Салавату Юлаеву" ў матчы чэмпіянату КХЛ

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" ўступілі ўфімскаму "Салавату Юлаеву" ў матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 3:5 (2:2, 0:1, 1:2), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля стартавага ўкідвання мінчане апынуліся ў ролі тых, каму давялося адыгрывацца. Дынамаўцы завалодалі шайбай, але ўпусцілі яе ў сваёй зоне. Гэтым скарыстаўся Маркус Гранлунд, які паразіў далёкі вугал варот Патрыка Рыбара.

У "зуброў" двойчы небяспечна кідаў па варотах гасцей Сяргей Сапега, але варатар "Салавата" на гэты раз згуляў надзейна. Паступова госці беларускай сталіцы захапілі ініцыятыву і прадоўжылі аказваць націск на абарону "Дынама".

На 9-й мінуце матчу гэта прывяло да другога гола ў вароты мінчан. Вызначыўся ігрок зборнай Беларусі Джэф Плат. Пасля кідка з сярэдняй дыстанцыі Патрык Рыбар не зафіксаваў шайбу, і форвард уфімскага клуба не прамахнуўся з метровай дыстанцыі.

Падапечныя Крэйга Вудкрафта скарацілі розніцу ў ліку крыху больш як праз мінуту гульнявога часу. Адам Альмквіст паразіў правы верхні вугал варот Юхі Метсолы дакладным кідком. Але гэта было яшчэ не ўсё.

Каманды абменьваліся вострымі выпадамі. У час адной са змен хакеісты "Салавата Юлаева" парушылі колькасны склад і засталіся ў меншасці. Дынамаўцы па-майстэрску скарысталіся гэтай сітуацыяй. Павел Варфаламееў атрымаў пас з сіняй лініі ад Лукаса Бенгтсана, вытрымаў гросмайстарскую паўзу і зраўнаваў лік кідком з вострага вугла. Адбылося гэта на 17-й мінуце паядынку.

У другім перыядзе большасць ужо выкарысталі ігракі "Салавата". На 23-й мінуце гульні Сакары Манінен вымусіў капітуляваць Патрыка Рыбара кідком з далёкай дыстанцыі.

Гаспадары лёду адказалі небяспечнай атакай у выкананні Тайлера Грааваца. Апынуўшыся ў выгаднай сітуацыі, ён прамарудзіў з кідком, і яго паспеў накрыць Яўген Лісавец.

Матч прадоўжыўся ў рваным тэмпе, з мноствам паўз. Невялікая перавага была на баку гасцей. На небяспечныя моманты Аляксандра Кадзейкіна, Джэфа Плата, Аляксея Пустазерава і Сакары Манінена "зубры" адказалі выпадамі Дзяніса Масалёва і Мальтэ Стрэмваля. Але да другога перапынку лік застаўся ранейшым.

Заключны перыяд пачаўся з выдалення Сяргея Сапегі за затрымку саперніка рукамі. Мінчане практычна адбіліся, але незадоўга да з'яўлення пятага хакеіста на лёдзе "Салавату" ўдалося правесці ўзорную атаку, рэзультатам якой стала шайба Данілы Башкірава, які своечасова апынуўся на ўчастку перад чужымі варотамі.

Зрэшты ў хуткім часе ўфімскі клуб адказаў учынкам на ўчынак. Рыгор Панін пакінуў лёд пасля падножкі, і на 45-й мінуце Маціяс Тэдэнбю, якому дапамаглі Тайлер Граавац і Адам Альмквіст, скараціў адставанне ў ліку ад гасцявой дружыны. Гэта восьмы гол шведскага нападаючага мінскага "Дынама".

Бліжэй да экватара трэцяга перыяду мінчане змаглі замацавацца ў чужой зоне, прадаўжаючы разыгрываць шайбу да вернага. Уфімцы прынялі такія ўмовы гаспадароў лёду, стараючыся збіць тэмп матчу няспешнай перапасоўкай на сваёй палавіне лёду.

Бліжэй да фінальнай сірэны каманды пачалі дзейнічаць на сустрэчных курсах, абменьваючыся вострымі эпізодамі каля варот адзін аднаго. Дынамаўцы атрымалі цудоўны шанц, каб зраўнаваць лік пасля выдалення Філіпа Ларсена за падножку, але асада варот Юхі Метсолы рэзультатаў не прынесла.

На апошняй мінуце мінчане знялі з гульні варатара і прапусцілі шайбу ў пустыя вароты. Канчатковы рахунак сустрэчы ўсталяваў Дзінар Хафізулін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі