Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 студзеня 2024, 10:00

Хакеісты мінскага "Дынама" правядуць першы са спараных матчаў супраць "Куньлуня" 

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" сёння правядуць чарговую дамашнюю гульню ў рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першую ў 2024 годзе дамашнюю серыю падапечныя Дзмітрыя Квартальнава завершаць спаранымі матчамі супраць клуба "Куньлунь Рэд Стар" - гульні пройдуць сёння і заўтра. У прамежак з 9 па 14 студзеня "зубры" правялі на лёдзе "Мінск-Арэны" тры паядынкі, два з якіх (са "Спартаком" і "Трактарам") закончыліся перамогамі гаспадароў - двойчы з лікам 3:1. Адзінае паражэнне сталічны калектыў пацярпеў ад "Тарпеда" (0:3).

Важнымі дасягненнямі на мінулым тыдні вызначыліся адразу некалькі хакеістаў "Дынама". Сэм Энас паўтарыў рэкорд клуба дзесяцігадовай даўнасці па самай працяглай выніковай серыі – амерыканец набіраў ачкі ў дзесяці матчах запар. Акрамя таго, Сяргей Кузняцоў і Аляксей Коласаў трапілі ў лік лепшых маладых ігракоў КХЛ, Кодзі Кёран увайшоў у топ-5 лігі па колькасці блакіраваных кідкоў, Андрэй Стась дабраўся да адзнакі 850 праведзеных гульняў у КХЛ, а Вадзім Мароз стаў аўтарам лепшай шайбы другога тыдня студзеня.

Пасля 49 матчаў рэгулярнага чэмпіянату ў актыве "Дынама" 49 балаў і восьмая пазіцыя ў Заходняй канферэнцыі. Бліжэйшым праследавацелем мінчан у гонцы за плэй-оф з'яўляецца якраз "Куньлунь", праўда, прадстаўнікі падмаскоўных Мыцішчаў адстаюць ад "зуброў" ужо на 11 ачкоў, правёўшы пры гэтым на тры сустрэчы больш. Апошнім часам справы ў хакеістаў "Рэд Стар" ідуць асабліва дрэнна - у папярэдніх дзесяці матчах атрымана ўсяго адна перамога.

У сезоннай серыі паміж "Дынама" і "Куньлунем", як ні дзіўна, перавага пакуль у сённяшніх гасцей. Па ходзе рэгуляркі каманды сустракаліся ўжо тройчы, два разы поспех з аднолькавым лікам 4:3 святкаваў сапернік, у актыве беларускага клуба адна вікторыя, затое з вялікім лікам – 4:0. Чацвёртае ў бягучым сезоне процістаянне "зуброў" і "драконаў" стартуе на "Мінск-Арэне" ў 19.10. Паўторны паядынак паміж камандамі пачнецца ў сераду ў 19.30.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі