Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 ліпеня 2020, 17:30

Хакеісты мінскага "Дынама" перамаглі аднаклубнікаў з Маладзечна ў першым перадсезонным матчы

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" перамаглі аднаклубнікаў з Маладзечна ў першым перадсезонным матчы. Асноўны час паядынку завяршыўся на карысць падапечных Крэйга Вудкрафта - 6:4 (2:2, 3:1, 1:1), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паядынак на "Мінск-Арэне" абодва калектывы напэўна разглядалі скрозь прызму атрымання каманднага ўзаемадзеяння паміж хакеістамі, якія выйшлі на лёд у добрым настроі. Было відаць, што хлопцы засумавалі па хакеі. Трэнеры прабавалі розныя спалучэнні звёнаў. Не раз змянялі адзін аднаго і вартавыя варот.

Мінчане дзейнічалі крыху больш актыўна і заканамерна адкрылі лік. На 9-й мінуце сустрэчы вызначыўся Дзмітрый Буйніцкі. Праз шэсць мінут паразіў вароты маладзечанцаў Ягор Шаранговіч. Зрэшты, дружына з Мінскай вобласці не здалася і змагла зраўнаваць лік дзякуючы дакладным кідкам Мікалая Сытога і Дзмітрыя Кузьміна.

У другім перыядзе каманды пачалі гуляць больш размерана, але гэта было зацішша перад бурай. Сталічныя хакеісты паступова ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і адправілі яшчэ тры шайбы ў вароты аднаклубнікаў з Маладзечна. Спачатку на 32-й мінуце вароты гасцей паразіў Раман Гарбуноў з падачы Арцёма Дзямкова. Праз два абароты секунднай стрэлкі вызначыўся Аляксандр Паўловіч. Яшчэ праз мінуту Арцём Дзямкоў закінуў шайбу з любімай пазіцыі зорнага расійскага форварда "Вашынгтона" Аляксандра Авечкіна.

Калі ўжо здавалася, што мінчане спакойна давядуць перыяд да канца, Андрэй Паўленка неадхільным кідком знайшоў брэш у абароне Дэні Тэйлара - 5:3. У трэцім перыядзе ён зноў прымусіў капітуляваць канадскага галкіпера, скараціўшы перавагу мінскіх аднаклубнікаў да адной шайбы. Канчатковы рахунак на карысць клуба КХЛ у асноўны час матчу ўстанавіў ігрок сталічнага "Дынама" Аляксандр Когалеў - 6:4.

Згодна з дамоўленасцю паміж трэнерскімі штабамі дзвюх дружын пасля фінальнай сірэны быў згуляны авертайм у фармаце тры на тры. Па яго выніках дзве шайбы запісалі на свой рахунак ігракі "Дынама-Маладзечна". Спачатку засмуціў варатара мінчан Дэні Тэйлара Павел Капыцін, а затым вызначыўся Андрэй Паўленка. На гэтым двухбаковая гульня не завяршылася. Каманды прынялі ўдзел у серыі пасляматчавых булітаў. У гэтым практыкаванні таксама пашанцавала больш хакеістам з райцэнтра Мінскай вобласці. Адзіную шайбу ў вароты сталічнай дружыны закінуў Ілья Усаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі