Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
01 сакавіка 2023, 09:54

Хакеісты мінскага "Дынама" пачынаюць паход за Кубкам Гагарына

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Матчамі ва Уфе, Казані, Яраслаўлі і Санкт-Пецярбургу стартуе плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі сезона 2022/2023, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У розыгрышы Кубка Гагарына згуляюць 16 клубаў - па 8 ад Заходняй і Усходняй канферэнцый. Удзельнікам плэй-оф у гэтым годзе будзе і мінскае "Дынама": прадстаўнік Беларусі ў КХЛ выйшаў у накаўт-раўнд сёмы раз у сваёй гісторыі і ў трэцім сезоне запар. Сапернікам "зуброў" па першым раўндзе зноў стане СКА з Санкт-Пецярбурга. Каманды сустракаліся ў двух папярэдніх розыгрышах Кубка Гагарына, і абодва разы далей праходзілі "армейцы" (4:1 і 4:0 у серыі).

Падапечныя Крэйга Вудкрафта ў "гладкім" чэмпіянаце фінішавалі на восьмай пазіцыі на Захадзе, набраўшы 68 ачкоў у 68 матчах. Пецярбуржцы са 105 баламі не толькі занялі першы радок у канферэнцыі, але і сталі ўладальнікамі Кубка Кантынента - прыза за перамогу ў рэгулярным сезоне. Па ходзе турніру "Дынама" і СКА правялі паміж сабой чатыры матчы, у кожным з якіх мацнейшым аказваўся калектыў з берагоў Нявы.

На два выязныя матчы адправіліся 30 хакеістаў мінскай каманды: 3 галкіперы, 11 ігракоў абароны і 16 форвардаў. У Беларусі па медыцынскіх паказаннях засталіся Ягор Клаўдзіеў, Мікіта Зоркін і Мікіта Пышкайла.

Варатары: Аляксей Коласаў, Канстанцін Шостак, Аляксей Снытко.

Абаронцы: Дзмітрый Корабаў, Марк Барберыа, Джозеф Душак, Дзмітрый Дзярабін, Джон Гілмар, Шон Лаланд, Алег Пажыган, Сяргей Сапега, Ілья Сушко, Ілья Шынкевіч, Цімафей Каўгарэня.

Нападаючыя: Уладзімір Алістраў, Віталь Пінчук, Раян Спунер, Брэндан Козун, Дзмітрый Сакалоў, Раман Гарбуноў, Нік Мерклі, Седрык Пакет, Дзяніс Масалёў, Арцём Дзямкоў, Валянцін Дзёмчанка, Ігар Мартынаў, Сяргей Шумакоў, Сяргей Кузняцоў, Ягор Ігнаценка, Сцяпан Звягін.

Першы матч стартавага раўнда плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі паміж СКА і "Дынама" пачнецца ў Лядовым палацы Санкт-Пецярбурга ў 19.30. Другі паядынак у рамках серыі да чатырох перамог адбудзецца 3 сакавіка таксама на пляцоўцы армейскага клуба. Далей каманды пераедуць на "Мінск-Арэну", дзе правядуць яшчэ дзве сустрэчы 5 і 7 сакавіка. Пяты, шосты і сёмы матчы пры неабходнасці будуць праведзены 9, 11 і 13 сакавіка.

Акрамя таго, сёння возьмуць старт яшчэ тры серыі першага раўнда плэй-оф Кубка Гагарына. Ва Уфе мясцовы "Салават Юлаеў" прыме "Адмірал" з Уладзівастока (пачатак - у 17.00), "Ак Барс" у Казані згуляе з ніжнякамскім "Нафтахімікам" (19.30), а яраслаўскі "Лакаматыў" пачне высвятляць адносіны з "Віцязем" з Балашыхі (19.30).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі