
9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты
мінскага "Дынама" сёння пачнуць чарговую дамашнюю серыю гульняў у
рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе карэспандэнт
БЕЛТА.
На "Мінск-Арэну" выйдзе
адна з лепшых каманд сёлетняга сезона КХЛ - маскоўскі "Спартак". На
гэты момант "чырвона-белыя" ўступаюць лідару Заходняй канферэнцыі
"Лакаматыву" ўсяго адно ачко. Страта лідарства ў лізе звязана з няўдалым
пачаткам студзеня: на мінулым тыдні "Спартак" прайграў прынцыповым
сапернікам з ЦСКА (1:3) і маскоўскага "Дынама" (2:3), хоць 2023-ы год
"гладыятары" заканчвалі з серыяй з дзевяці гульняў запар з
заробленымі ачкамі.
Беларускі клуб, у сваю чаргу, можа
занесці старт новага года ў актыў: следам за крыўдным паражэннем ад
"Амура" ў авертайме (2:3) "зубры" ў гасцях на класе
разабраліся з "Тарпеда" (5:2). Пасля 46 паядынкаў
"рэгуляркі" на рахунку мінчан 45 балаў і ўпэўненае восьмае месца на
Захадзе. Лідарам каманды ў апошніх матчах з'яўляецца нападаючы Сэм Энас:
амерыканец ужо дзевяць гульняў запар не сыходзіць з лёду без набраных балаў. Да
паўтарэння рэкорду клуба ў КХЛ, устаноўленага Джо Павелскі ў сезоне-2012/13,
Энасу трэба адзначыцца рэзультатыўным дзеяннем сёння.
У гэтым сезоне "Дынама" і
"Спартак" сустракаліся ўжо двойчы, прычым зусім нядаўна - 22 і 28
снежня, абодва разы мацнейшымі былі хакеісты маскоўскага клуба. Трэці ў бягучым
чэмпіянаце паядынак каманд са сталіц Беларусі і Расіі стартуе ў 19.10.-0-