Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 лістапада 2020, 10:37

Хакеісты мінскага "Дынама" абыгралі падольскі "Віцязь" у матчы чэмпіянату КХЛ

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" абыгралі падольскі "Віцязь" у матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня завяршылася ў авертайме з лікам 4:3 (1:0, 1:1, 1:2, 1:0) на карысць падапечных Крэйга Вудкрафта, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У першым перыядзе каманды паказалі даволі сумбурную гульню з вялікай колькасцю страт. Аднак, паступова перавага перайшла да гасцей "Мінск-Арэны", якія паспрабавалі застаць знянацку Дамініка Фурха, аднак варатар беларускай дружыны дзейнічаў беспамылкова. Калі таго патрабавала сітуацыя, на дапамогу вартавому варот прыходзілі абаронцы "зуброў". Але на 11-й мінуце падмаскоўная каманда прапусціла атаку "Дынама". Раян Спунер укаціўся ў зону сапернікаў, вычакаў гросмайстарскую паўзу і паразіў вугал варот Ільі Яжова.

Госці адыграліся пасля перапынку на 26-й мінуце гульні дзякуючы майстэрству Каспарса Даўгавіньша, які адным дакрананнем загнаў шайбу пад перакладзіну варот Дамініка Фурха. Чэшскі вартавы варот мінчан у гэтай сітуацыі быў бяссільны. Зрэшты, каманду Крэйга Вудкрафта такі ход падзей не зламаў. У канцоўцы другой трэці паядынку Ягор Шаранговіч майстэрскім кідком вывеў "зуброў" наперад.

Пасля другога перапынку прайшло зусім няшмат часу, як госці зраўнавалі лік. Арцём Бародкін магутным кідком прымусіў капітуляваць Дамініка Фурха. На жаль, гэты поспех стаў не адзіным для хакеістаў "Віцязя". Дзякуючы шайбе Матыяса Тэдэнбю, які скарыстаўся памылкай Уладзіслава Калячонка, падмаскоўная каманда выйшла наперад.

У мінчан хапала момантаў, каб зраўнаваць лік. Яны паскорылі гульню, дабавілі агрэсіўнасці, пачалі часцей гасцяваць у зоне сапернікаў. Але Ілья Яжоў да пары дзейнічаў у рамцы практычна без памылак. За тры мінуты да канца асноўнага часу матчу ён быў бяссільны пасля пападання Раяна Спунера, які аформіў галявы дубль. Апошнія секунды асноўнага часу матчу поспеху як "Дынама", так і "Віцязю" не прынеслі, і гульня перайшла ў авертайм.

У дадатковы час паядынку перамогу мінчанам прынёс Раман Гарбуноў, які цудоўна разабраўся з трыма абаронцамі і варатаром "Віцязя". Гэта яго другая шайба ў цяперашнім сезоне КХЛ.

Наступны паядынак "зубры" правядуць 29 лістапада ў гасцях. Сапернікамі мінчан будзе яраслаўскі "Лакаматыў", які ўзначальвае беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка. Далей выязная серыя прадоўжыцца ў Ніжнякамску, дзе 1 снежня мінчане памераюцца сіламі з мясцовым "Нафтахімікам". Завершыцца серыя 3 снежня паядынкам у Маскве супраць ЦСКА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі