Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 снежня 2021, 09:17

Хакеісты мінскага "Дынама" абыгралі "Ёкерыт" у матчы чэмпіянату КХЛ

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" абыгралі "Ёкерыт" з Хельсінкі ў дамашнім матчы чэмпіянату КХЛ. Падапечныя Крэйга Вудкрафта былі мацнейшымі з лікам 5:3 (0:0, 2:1, 3:2), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

З першых мінут матчу хакеісты "Ёкерыта" ўключылі высокі прэсінг і мінчанам спатрэбілася нямала намаганняў, каб яго пераадольваць. Добрыя моманты былі ў форварда мінчан Марыа Кемпэ, аднак Андэрс Ліндбек выручыў "джокераў". Фінскія госці, якія імкнуліся захапіць ініцыятыву, адказалі небяспечным кідком Тэему Турунена.

Дынамаўцы не ўступалі, стараючыся перамясціць гульню ад сваіх варот, і да перапынку лік так і не быў адкрыты. Затое ў другім перыядзе гледачы, якія сабраліся на "Мінск-Арэне" падтрымаць хакеістаў, сталі сведкамі адразу трох узяццяў варот.

На 23-й мінуце мачту вызначыўся ігрок "зуброў" Тэйлар Бэк. Андэрс Ліндбек не змог зафіксаваць шайбу і канадскі хакеіст адправіў яе ў вароты гасцей.

Ігракі фінскага клуба, імкнучыся адыграцца, атакавалі вароты Патрыка Рыбара. Шайба нават пабывала ў сетцы, але яе не залічылі з-за перашкоды галкіперу. Далей ігракі "Джокераў" вельмі старанна імкнуліся адыграцца і аказаліся ў большай меншасці. На лаўку штрафнікоў адправілі Велі-Маці Савінайнена і Давіда Скленічку.

Гуляючы ў фармаце 5 на 3, мінчане не ўпусцілі магчымасці павялічыць перавагу ў ліку. Мальтэ Стрэмваль замкнуў дыяганальную перадачу ад Тэйлара Бэка.

Надзею ў балельшчыкаў "Ёкерыта" ўсяліў Ніклас Енсэн магутным кісцевым кідком з паўзоны, які скараціў адставанне да мінімуму. Адбылося гэта на 30-й мінуце. Далей госці яшчэ больш узмацнілі націск на мінчан, але лік застаўся на карысць гаспадароў "Мінск-Арэны".

У трэцім перыядзе "джокеры" і "зубры" пачалі гульнявы час у фармаце 4 на 4 і варатар фінаў быў вымушаны папрацаваць, каб парыраваць кідкі ад Рамана Гарбунова. Пасля таго як каманды аказаліся ў роўных складах, Тэему Турунен аднавіў раўнавагу. Шайба пасля кідка хакеіста трапіла ў штангу, а ад яе перасекла лінію варот. Суддзі ўзялі відэапаўтор, каб пераканацца, што гол у вароты мінчан быў. На 44-й мінуце матчу лік стаў 2:2.

Але дынамаўцы не палі духам і на 46-й мінуце сустрэчы зноў выйшлі наперад. Ніклас Енсэн адправіўся на лаўку штрафнікоў за парушэнне колькаснага складу. Гэтым скарысталіся лідары атакі гаспадароў лёду. Мальтэ Стрэмваль з вострага вугла закінуў шайбу ў далёкі верхні вугал варот Андэрса Ліндбека.

Але гэта было яшчэ не ўсё. На 49-й мінуце Мальтэ Стрэмваль аформіў хет-трык у фірменным стылі: кідком у дотык з левага круга ўкідвання.

Пасля крыўднага гола Яне Юванен змяніў у варотах "Ёкерыта" калегу па амплуа. Фіны пайшлі наперад, імкнучыся зноў адыграцца, ім удалося закінуць трэцюю шайбу. На 48-й мінуце Хенры Іканен завяршыў намаганні сваіх партнёраў па камандзе, якія на той момант знялі варатара, замяніўшы яго на шостага палявога іграка. Калі да фінальнай сірэны засталося зусім няшмат, трэнеры "Ёкерыта" ўзялі тайм-аўт. Але прапусцілі пяты гол. У пустыя вароты трапіў Раман Гарбуноў, які ўстанавіў канчатковы лік сустрэчы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі