Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 сакавіка 2023, 12:13

Хакеісты "Металурга" зраўнавалі лік у чвэрцьфінальнай серыі Кубка Прэзідэнта супраць "Гомеля"

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У нядзелю двума матчамі ў Гомелі і Салігорску прадоўжыўся першы раўнд плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Гомелі адбылася другая сустрэча ў серыі мясцовага клуба і жлобінскага "Металурга". Асноўны час паядынку скончыўся ўнічыю - 2:2, а ў авертайме вікторыю дзеючым чэмпіёнам краіны прынёс Ігар Угальнікаў. Такім чынам, лік у процістаянні да чатырох перамог зраўнаваўся (1:1), два наступныя матчы паміж "Гомелем" і "Металургам" пройдуць 14 і 16 сакавіка ў Жлобіне.

Пераможца рэгулярнага чэмпіянату "Шахцёр", у сваю чаргу, умацаваў перавагу ў дуэлі супраць "Дынама-Маладзечна" (2:0). У другім матчы каманд у Салігорску "гарнякі" былі мацнейшымі з лікам 3:1, дублем за гаспадароў вызначыўся Міхаіл Шалагін. Далей сапернікі пераедуць у Маладзечна, дзе правядуць дзве гульні таксама ў аўторак і чацвер.

13 сакавіка будуць праведзены другія матчы ў дзвюх іншых парах першага раўнда плэй-оф Кубка Прэзідэнта. У 19.00 у Мінску стартуе паядынак "Юнацтва" і "Віцебска", у 20.10 на лёд у Гродне выйдуць хакеісты "Нёмана" і наваполацкага "Хіміка". Перамогі ў дэбютных гульнях атрымалі мінчане і гродзенцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі