Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 снежня 2021, 18:51

Хакеісты маладзёжнай зборнай Беларусі выйгралі ў Латвіі ў матчы ЧС дывізіёна IA

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты маладзёжнай зборнай Беларусі выйгралі ў равеснікаў з Латвіі ў матчы чэмпіянату свету ў дывізіёне IA з лікам 2:1 (0:0, 1:0, 1:1), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Адразу ж пасля стартавага свістка беларусы пайшлі наперад. Іх сапернікі больш клапаціліся пра абарону, адказваючы контратакамі. На 4-й мінуце Аляксандр Сувораў мог адкрываць лік, але галкіпер латвійскай зборнай Бруна Бруверыс быў на вышыні.

Паступова гульня выраўнавалася, латвійцы таксама пачалі шукаць шчасця ў зоне зборнай Беларусі і Аляксей Коласаў не раз уступаў у гульню, выручаючы сваю дружыну.

Канцоўка перыяду прайшла пад дыктоўку каманды з берагоў Балтыкі, якая магла вызначыцца ў большасці. Аднак упэўненыя дзеянні беларусаў у абароне не дазволілі латвійскім хакеістам адкрыць лік. У другім перыядзе каманда Карліса Зірніса прадоўжыла націск, аднак яго падапечным не хапала шанцавання ў завяршальнай стадыі атак. Акрамя таго, на вышыні быў Аляксей Коласаў.

На 32-й мінуце беларуская каманда апынулася ў большасці пасля выдалення Нікса Фененкі за падножку. Гэты эпізод аказаўся для латвійскай зборнай ракавым. Ілья Спат выдатна сарыентаваўся на пятаку каля варот сапернікаў і адкрыў лік. Канцоўку перыяду лепш правялі беларускія хакеісты, праверыўшы надзейнасць Бруна Бруверыса.

Трэці перыяд латвійцы пачалі актыўна і некалькі разоў былі блізкія да ўзяцця варот, але ў выніку прапусцілі выпад Аляксандра Суворава. Ураджэнец Гомельскай вобласці на 53-й мінуце закінуў другую шайбу ў вароты апанентаў. Зрэшты, зборная Латвіі зноў ажывіла інтрыгу. Вызначыўся Райвіс Ансанс (56-я мінута), які рэалізаваў буліт. Аднак на большае сапернікаў беларусаў не хапіла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі