Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 сакавіка 2021, 09:58

Хакеісты "Юнацтва" выйшлі ў фінал Кубка Прэзідэнта

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты "Юнацтва" абыгралі жлобінскі "Металург" з лікам 4:1 (1:0, 1:1, 2:0) у сёмым матчы паўфінальнай серыі плэй-оф і выйшлі ў фінал Кубка Прэзідэнта, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Матч на "Чыжоўка-Арэне" праходзіў з перавагай гаспадароў лёду, якія з першых мінут матчу далі зразумець аб сур'ёзнасці сваіх намераў. Атакі "Юнацтва" дасягнулі мэты на шостай мінуце матчу. Шайбу ў вароты Дзмітрыя Мільчакова адправіў Яўген Аксянцюк, якому дапамог вызначыцца Аляксандр Кітараў. Жлабінчане спрабавалі адыграцца, але абарона мінчан дзейнічала практычна без памылак. Адзначым, што Яўген Аксянцюк мог павялічыць лік на карысць сваёй каманды, але не рэалізаваў буліт, а потым шайбу ў яго выкананні не залічылі суддзі.

Тым не менш пасля перапынку ігракі "Юнацтва" дабіліся свайго. На 26-й мінуце сустрэчы рэзультатыўным кідком намаганні партнёраў па камандзе завяршыў Міхаіл Стэфановіч, якому асісціраваў Андрэй Антонаў. Праз тры мінуты ігрок "стальных ваўкоў" Яўген Саламонаў падарыў сваёй камандзе надзею, прымусіўшы капітуляваць Сяргея Бальшакова, але большага жлабінчане дасягнуць не змаглі.

Мінчане ж у трэцім перыядзе змаглі вызначыцца яшчэ двойчы. На 43-й мінуце гол запісаў на свой рахунак Максім Расейкін. Жлабінчане спрабавалі выратавацца, але тайм-аўт, узяты Анатолем Сцепанішчавым, і іншыя меры, прынятыя трэнерскім штабам "стальных ваўкоў", вынікаў не прынеслі. Наадварот, у вароты, пакінутыя Дзмітрыем Мільчаковым, чацвёртую шайбу закінуў форвард мінчан Максім Парфеявец.

Такім чынам, Кубак Прэзідэнта аспрэчаць мінскае "Юнацтва" і "Гомель".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі