ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 29 ліпеня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +26°C
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
08 красавіка 2021, 09:04

Хакеісты "Юнацтва" сталі дзесяціразовымі чэмпіёнамі Беларусі

Фота з архіва
Фота з архіва

8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты "Юнацтва" абыгралі ў авертайме "Гомель" у чацвёртым матчы фінальнай серыі Кубка Прэзідэнта з лікам 4:3 (2:1, 0:0, 1:2, 1:0) і сталі дзесяціразовымі чэмпіёнамі Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пачатак матчу праходзіў з невялікай перавагай "Гомеля", ігракі якога ўпарта шукалі шляхі да варот мінчан. Часам "рысі" атакавалі на шкоду абароне, чым па-майстэрску карысталіся іх сапернікі. Пасля адной з такіх контратак на чацвёртай хвіліне гульні свой момант выкарыстаў Максім Парфеевец. Літаральна праз пару хвілін Дзяніс Мінгалееў змог павялічыць розніцу ў ліку, але варатар гамяльчан адвёў пагрозу ад сваіх уладанняў.

На 12-й хвіліне стартавага адрэзка гульні "рысі" змаглі адыграцца. Сяргея Бальшакова прымусіў капітуляваць Алег Качалоўскі. Аднак радасць гомельскіх балельшчыкаў была нядоўгай. Праз 11 секунд "Юнацтва" зноў выйшла наперад дзякуючы голу Максіма Расейкіна.

У другім перыядзе атакі каманд закінутымі шайбамі не ўвянчаліся, а вось пасля другога перапынку "рысям" удалася рэзультатыўная камбінацыя, і старанні партнёраў па камандзе дакладным кідком завяршыў Максім Магалецкі. Зрэшты, нічыйны вынік гамяльчанам удалося захаваць не больш за пяць хвілін. Мінскую дружыну вывеў наперад Міхаіл Стафановіч. Аднак гэта шайба не стала пераможнай. Настойлівыя атакі гамяльчан прывялі да голу Уладзіслава Бойкі незадоўга да фінальнай сірэны.

У выніку лёс матчу вырашыўся ў авертайме. Каманды актыўна правялі дадатковы час. Бліжэй да поспеху былі ігракі "Гомеля", але і "Юнацтва" не заставалася ўбаку, небяспечна атакуючы. У другім авертайме мінчане ўсё ж даціснулі сапернікаў. Чэмпіёнскую шайбу закінуў Сяргей Дрозд. Відэапрагляд суддзяў пацвердзіў правату іграка каманды Яўгена Есавулава.

Такім чынам, "Юнацтва" выйграла чэмпіянат Беларусі дзясяты раз. Раней мінчане першынствавалі ў сезонах 2003/2004, 2004/2005, 2005/2006, 2008/2009, 2009/2010, 2010/2011, 2015/2016, 2018/2019, 2019/2020. Сем перамог на рахунку гродзенскага "Нёмана". Чатыры разы быў першым мінскі клуб "Цівалі", па два разы чэмпіёнамі станавіліся мінскі "Керамін" і наваполацкі "Хімік", па разе - мінскае "Дынама", жлобінскі "Металург", салігорскі "Шахцёр" і "Гомель".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі