Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
30 ліпеня 2020, 19:05

Хакеісты "Юнацтва" абыгралі "Ліду" ў першым матчы турніру памяці Аляксандра Дубко

30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Юнацтва-Мінск" абыграла хакеістаў "Ліды" ў першым матчы турніру памяці Аляксандра Дубко. Сустрэча завяршылася на карысць сталічных хакеістаў з лікам 4:0 (1:0, 1:0, 2:0), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Паядынак праходзіў з татальнай перавагай шматразовых чэмпіёнаў Беларусі. Аднак да перапынку "Юнацтва" змагло вызначыцца толькі аднойчы. Крыху менш як за чатыры хвіліны да канца першай трэці паядынку лік далёкім кідком адкрыў Павел Казакевіч.

Лідская дружына абаранялася, зрабіўшы стаўку на контратакуючы хакей. Аднак выхады "рыцараў" да варот мінчан былі даволі рэдкімі. Калі небяспека ўсё ж узнікала, на шляху шайбы ўставаў галкіпер Сяргей Бальшакоў.

У другім перыядзе ход гульні захаваўся, і на 32-й хвіліне сустрэчы ўмацаваў перавагу шматразовых чэмпіёнаў Беларусі Дзяніс Мінгалееў, якому асісціравалі Сяргей Дрозд і Міхаіл Стэфановіч.

Не паспеў пачацца трэці адрэзак сустрэчы, як Кірыл Цюцяеў з перадачы Уладзіслава Бойкі і Рамана Таталіна закінуў трэцюю шайбу ў вароты "Ліды". Аднак на гэтым мінчане не спыніліся. На 50-й хвіліне Усевалад Кашкар у падзенні закінуў чацвёртую шайбу сваёй дружыны. Варта адзначыць, што "рыцары" не склалі рукі. Шайбу прэстыжу на свой рахунак запісаў Павел Маршчонак, які ўстанавіў канчатковы лік сустрэчы.

У вячэрняй частцы спаборніцкай праграмы гродзенскі "Нёман" згуляе з "Гомелем".

Турнір памяці Аляксандра Дубко, ужо 16-ы па ліку, праходзіць у бягучым годзе з 30 ліпеня па 1 жніўня ў Гродне. Турнір названы ў гонар былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама, які шмат увагі ўдзяляў развіццю хакея ў рэгіёне. У канцы 1980-х гадоў, з'яўляючыся старшынёй калгаса "Прагрэс", ён узяў пад апеку хакейную каманду, якая стала паспяхова выступаць у чэмпіянаце СССР пад назвай "Прагрэс" - ШВСМ. У яе складзе былі многія будучыя хакеісты зборнай Беларусі, у тым ліку Руслан Салей, Алег Антоненка, Алег Хмыль і іншыя. У далейшым Аляксандр Дубко таксама стараўся дапамагаць камандзе з Гродна, якая пад назвай "Нёман" выйграла УЕХЛ у 1996-м, а ў 1998 годзе ўпершыню стала чэмпіёнам Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі