Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
11 студзеня 2019, 11:10

Гоншчык "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргей Вязовіч заняў чацвёртае месца на этапе ралі-рэйду "Дакар-2019"

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лідар беларускай каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргей Вязовіч заняў чацвёртае месца на этапе ралі-рэйду "Дакар-2019", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінскага аўтамабільнага завода.

У чацвёрты дзень аўтамарафону па тэрыторыі Перу ўдзельнікі пераадолелі 405 км па пясках і дзюнах.

Сяргей Вязовіч, стартаваўшы з 20-й пазіцыі, змог фінішаваць чацвёртым - 4 гадзіны 23 мінуты. Пераможцам этапу стаў Андрэй Каргінаў каманды "КамАЗ-Майстар", які быў хутчэйшы за беларуса на 13 мінут. У агульным заліку экіпаж Сяргея Вязовіча размясціўся на 17-м месцы і прайграе лідару гонкі расіяніну Эдуарду Нікалаеву 5 гадзін 30 хвілін.

"Спецучастак прайшоў без здарэнняў, акрамя таго, што мы спыніліся каля машыны Аляксея Вішнеўскага, у якога былі праблемы з турбінай. Яны самі справіліся, дапамога не спатрэбілася. На мінулым этапе стартавалі з "хваста" і зрабілі, напэўна, рэкордную для сябе колькасць абгонаў, сапернікі рухаліся па маршруце павольней. Усё прайшло паспяхова, удача зноў вярнулася да нас", - расказаў Сяргей Вязовіч.

Аляксандр Васілеўскі заняў на этапе 12-е месца, праехаўшы маршрут за 4 гадзіны 46 мінут. У генеральнай класіфікацыі экіпаж знаходзіцца на 11-м радку з 2 гадзінамі 55 мінутамі адставання.

Аляксей Вішнеўскі з-за тэхнічных складанасцей фінішаваў 14-м. Яго час - 5 гадзін 4 мінуты, а адставанне - 54 мінуты. У заліку грузавікоў экіпаж знаходзіцца ў першай дзясятцы, прайграючы лідару ралі 2 гадзіны 42 мінуты.

Пяты этап ралі-рэйду зноў пройдзе па пясках з дзюнамі, гравійных дарогах уздоўж берага акіяна і складзе 517 км скорасных участкаў.

Аўтамарафон "Дакар" у 2019 годзе праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкам давядзецца праехаць амаль 5 тыс. км. Большая частка маршруту пралягае праз трасы з пясчанымі дзюнамі. У мінулым годзе экіпаж Сяргея Вязовіча заняў у гонцы другое месца, паказаўшы самы высокі рэзультат за час выступлення на "Дакары".-0-

Фота МАЗ

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі