Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 лютага 2020, 14:11

Генеральны сакратар IBU: "Раўбічы" - цудоўная пляцоўка для міжнародных спаборніцтваў па біятлоне

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі цэнтр "Раўбічы" з'яўляецца цудоўнай пляцоўкай для правядзення міжнародных спаборніцтваў па біятлоне. Аб гэтым сёння на цырымоніі адкрыцця чэмпіянату Еўропы сказаў генеральны сакратар IBU Ніклас Карлсан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ад імя Міжнароднага саюза біятланістаў хачу павіншаваць арганізацыйны камітэт, ён змог за такія кароткія тэрміны, насуперак цяжкім умовам арганізаваць спаборніцтвы. Ваша старанне і аб'ём праведзенай работы ўражваюць, - падкрэсліў Ніклас Карлсан. - "Раўбічы" - гэта цудоўная пляцоўка для правядзення чэмпіянату Еўропы і іншых міжнародных спаборніцтваў па біятлоне".

Намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Баравуля выказаў удзячнасць Міжнароднаму саюзу біятланістаў за прадастаўленую магчымасць прыняць такія важныя спаборніцтвы. "Аргкамітэт прыклаў усе намаганні, каб спаборніцтвы прайшлі ў камфортных умовах для ўсіх удзельнікаў і гледачоў", - дадаў ён.

Чэмпіянат Еўропы па біятлоне стартуе сёння ў 13.00 кваліфікацыяй суперспрынту ў мужчын. Сярод беларусаў у гонцы выступяць Віктар Крыўко, Раман Ялётнаў, Антон Смольскі, Мікіта Лабастаў, Максім Варабей і Сяргей Бачарнікаў. Сярод беларускіх дзяўчат адабрацца ў лік фіналістак пастараюцца Алена Кручынкіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Ірына Кручынкіна і Адэліна Сабітава.

Усяго ўдзел у кантынентальным форуме ў складзе 40 каманд прымуць каля 300 спартсменаў.

Прадоўжацца спаборніцтвы 27 лютага супермікстам і змешанай эстафетай, 29 лютага пройдуць мужчынскія і жаночыя спрынты. Завершацца спаборніцтвы 1 сакавіка гонкамі праследавання.

Кантынентальнае першынство было перанесена ў "Раўбічы", паколькі з-за цёплага надвор'я ў Эстоніі арганізатары не змаглі гарантаваць умовы, неабходныя для мерапрыемства. Міністэрства спорту і турызму Беларусі, а таксама прадстаўнікі РЦАП "Раўбічы" заявілі аб гатоўнасці прыняць форум.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі