Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 лютага 2023, 17:58

Генеральны сакратар Беларускага лыжнага саюза: упэўнены ў дастойным выступленні юнакоў і дзяўчат на гульнях "Дзеці Азіі"

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Члены беларускай дэлегацыі на ІІ зімовыя Міжнародныя спартыўныя гульні "Дзеці Азіі" падзяліліся чаканнямі ад маючых адбыцца спаборніцтваў у Кузбасе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У праграму гульняў "Дзеці Азіі" ўвайшлі дзесяць зімовых відаў спорту. Беларускую каманду на гэтых спаборніцтвах прадставяць 68 юных спартсменаў, якія выступяць у васьмі відах, сярод якіх - скачкі на лыжах з трампліна і гарналыжны спорт.

"Для нашых скакуноў з трампліна "Дзеці Азіі" - гэта важны старт, на якім збяруцца моцныя равеснікі з розных краін. Юнакі і дзяўчаты вельмі натхнёны і матываваны, на працягу ўсяго сезона яны дэманстравалі добрыя рэзультаты. Так, на студзеньскім "Калядным турнэ" ў Пермскім краі, які лічыцца вельмі прэстыжным стартам у дзіцячых скачках, нашы дзеці атрымалі некалькі перамог і занялі высокія месцы ў агульных заліках. І гэта пры тым, што ў Беларусі няма такой інфраструктуры, якая давала б магчымасць у поўнай меры праходзіць падрыхтоўку дома. Не сумняваюся, што яны пакажуць усе грані свайго таленту і ў Кузбасе, - адзначыў генеральны сакратар Беларускага лыжнага саюза Аляксандр Грэбнеў. - Што датычыцца гарналыжнага спорту, то прыкметна, як апошнія гады ён набраў папулярнасць у нашай краіне. Нядаўна ў "Сілічах" праходзіла першынство краіны па горных лыжах, дзе выступілі больш за 150 удзельнікаў, што не можа не радаваць. Перад гульнямі "Дзеці Азіі" юнакі і дзяўчаты там жа правялі вучэбна-трэніровачны збор, усе гатовы да старту. Упэўнены, што мы выступім на спаборніцтвах дастойна, няхай і канкурэнцыя будзе вельмі сур'ёзнай".

Усяго ўдзельнікамі гульняў "Дзеці Азіі" стануць 865 юных спартсменаў з 13 краін. На спаборніцтвах у Кузбасе будуць разыграны 57 камплектаў медалёў, большасць з іх - у канькабежным спорце.

"Гэты старт з'яўляецца галоўным у бягучым сезоне, юнакі і дзяўчаты ўпарта рыхтаваліся да яго на працягу паўгода і вельмі яго чакалі, - сказаў старэйшы трэнер юніёрскай зборнай Беларусі па канькабежным спорце Руслан Таболіч. - За нашу каманду выступяць 5 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак, асноўная барацьба будзе з Расіяй, паколькі спартсменаў там больш і ўсе мэтанакіравана падводзіліся менавіта да гэтага старту. Тым не менш, задача ў нас заўсёды вышэйшая - перамагаць, каб пасля спаборніцтваў на стадыёне гучаў наш гімн. Мы чакаем добрага выступлення ў камандным спрынце, а таксама на сярэдніх і доўгіх дыстанцыях у дзяўчынак".

Другія зімовыя Міжнародныя спартыўныя гульні "Дзеці Азіі" пройдуць з 23 лютага па 5 сакавіка ў Кемераве, Новакузнецку, Міжрэчанску і Таштагольскім раёне Кемераўскай вобласці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі