Сцяг Субота, 17 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 красавіка 2025, 12:54

Гендырэктар "Дынама" Каркоцкі: правялі добры сезон і можам зрабіць наступны яшчэ больш яркім

24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны дырэктар мінскага "Дынама" Арцём Каркоцкі на падагульняючай прэс-канферэнцыі расказаў аб выступленні "зуброў" у сезоне-2024/25 Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сезон-2024/25 стаў для мінчан лепшым за 17 гадоў у КХЛ. Па выніках "гладкага" чэмпіянату "Дынама" размясцілася на рэкорднай чацвёртай пазіцыі ў Заходняй канферэнцыі, таксама ў "рэгулярцы" нашы хлопцы ўстанавілі рэкорды клуба па перамогах (39), закінутых шайбах (206) і працэнце набраных ачкоў (63,23 працэнта). Далей "зубры" ўпершыню прайшлі першы раўнд Кубка Гагарына, у шасці матчах выбіўшы з барацьбы ЦСКА. У чвэрцьфінале плэй-оф мінчане прайгралі серыю "Трактару" (1:4).

"Сезон быў добрым, з вялікай колькасцю рэкордаў і дасягненняў. Вадзім Шыпачоў стаў лепшым бамбардзірам у гісторыі лігі, а Андрэй Стась правёў 900-ы матч у КХЛ. Дзякуй нашым балельшчыкам, без іх было б складаней. 26 аншлагаў за сезон сведчаць аб тым, што мы ідзём у правільным напрамку. Уся краіна балела за каманду, а ігракі і трэнеры зрабілі ўсё, каб спыніць 17-гадовае чаканне. Мы атрымалі бясцэнны вопыт і прыкладзём усе намаганні, каб наступны сезон атрымаўся яшчэ больш яркім. Ставім перад сабой самыя вялікія мэты, хочам не проста трапіць у плэй-оф і прайсці яшчэ адзін раўнд, а заваяваць Кубак Гагарына. Мы ўжо вядзём перагаворы аб прадаўжэнні кантрактаў з шэрагам ігракоў, аб выніках даведаемся крыху пазней", - сказаў Арцём Каркоцкі.

Таксама гендырэктар "зуброў" адзначыў прагрэс дынамаўскай моладзі ў праведзеным сезоне. "Дакладна выбудаваная вертыкаль клуба дае магчымасць знаходзіць і развіваць маладых ігракоў. Пакуль гэта хакеісты атакуючай лініі, але, спадзяюся, у бліжэйшы час у нас будуць новыя зоркі і ў абароне, улічваючы работу ўсяго беларускага хакея. У кожным горадзе са школай з'яўляюцца ігракі, якія могуць прэтэндаваць на выхад у галоўную каманду. У нас усё выключна згодна са спартыўным прынцыпам: калі ты паказваеш рэзультат - ты ў складзе", - падкрэсліў ён.-0-

Фота Сяргея Шэлега
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі