Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 верасня 2024, 17:35

Гарнасько атрымала перамогу ў мнагабор'і на чэмпіянаце краіны па мастацкай гімнастыцы
 

Аліна Гарнасько. Фота з архіва
Аліна Гарнасько. Фота з архіва
13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталічным Палацы мастацкай гімнастыкі сталі вядомы першыя пераможцы і прызёры адкрытага чэмпіянату Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Медалі аднаго з галоўных унутраных стартаў сезона разыгрываюць сеніёркі (грацыі 2008 года нараджэння і старэйшыя) і юніёркі (2009-2010 гадоў нараджэння). У пятніцу дзяўчаты вызначылі мацнейшых у мнагабор'і. У старэйшай узроставай групе чэмпіёнкай Беларусі чарговы раз стала лідар нацыянальнай каманды Аліна Гарнасько. За чатыры віды праграмы бронзавая медалістка такійскай Алімпіяды набрала 144,100 бала. Перавага Аліны над саперніцамі склала амаль пяць ачкоў - серабро заваявала Настасся Салас (139,550), бронзу выйграла Дар'я Вярэніч (134,950).

У юніёрскіх спаборніцтвах званне мацнейшай беларускай гімнасткі ў сваім узросце пацвердзіла Ніколь Лявута, якая зарабіла 126,550 бала.  Усе астатнія дзяўчаты аказаліся на значным аддаленні: другі рэзультат паказала Ніка Косціна (115,950), на трэцюю прыступку п'едэстала паднялася Кіра Бабкевіч (114,300).

У групавых практыкаваннях перамогу сярод сеніёрак атрымала другая каманда Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, якая змагла абысці першую зборную РЦАП. Тройку лепшых замкнулі спартсменкі з Гомеля. У малодшай групе мацнейшай стала юніёрская зборная Беларусі, серабро - у грацый з мінскага "Дынама", бронза - у прадстаўніц Гродна.

Чэмпіянат краіны па мастацкай гімнастыцы завершыцца ў суботу, удзельніцы турніру выступяць у фіналах асобных відаў. Уваход на трыбуны Палаца мастацкай гімнастыкі свабодны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі