Сцяг Чацвер, 17 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 чэрвеня 2025, 09:46

Футбалісты зборнай Беларусі перамаглі казахстанцаў у кантрольным матчы

6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі атрымалі трэцюю вікторыю запар у таварыскіх матчах, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На полі "Барысаў-Арэны" беларусы абыгралі каманду Казахстана з лікам 4:1. Пасля праліўнога дажджу, які на паўгадзіны затрымаў пачатак гульні, сапернікам давялося патраціць час, каб прыстасавацца да слізкага газона. Гэта лепш удалося гаспадарам: на 25-й хвіліне сустрэчы памылкай абароны гасцей скарыстаўся Валерый Грамыка, а яшчэ праз 5 хвілін мэты дасягнуў далёкі ўдар Валерыя Бачарова. У хуткім часе пасля перапынку варатар і абаронцы казахстанскай зборнай зноў згулялі няўзгоднена, і Трафім Мельнічэнка забіў трэці мяч. Пасля гэтага гаспадары збавілі абароты, чым на 75-й хвіліне гульні скарыстаўся Галымжан Кенжэбек. Прапусціўшы мяч, падапечныя Карласа Алоса зноў актывізаваліся, і пасля класнай перадачы Віталя Лісаковіча Яўген Шыкаўка чацвёрты раз трапіў у вароты гасцей. Для яго, як і для Бачарова, гэта першыя галы ў складзе галоўнай каманды краіны.
На старце гэтага сезона падапечныя Карласа Алоса выйгралі два выязныя спарынгі. Спачатку ў Душанбэ беларускія футбалісты разграмілі каманду Таджыкістана - 5:0, а ў Баку ўпэўнена абыгралі азербайджанцаў - 2:0.

На наступным тыдні, 10 чэрвеня, зборная Беларусі сустрэнецца ў Мінску са зборнай Расіі. Гэта будзе апошняя праверка перад стартам у адборачным турніры чэмпіянату свету. Восенню беларуская каманда згуляе ў кваліфікацыйнай групе С разам з футбалістамі Грэцыі, Даніі і Шатландыі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі