Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 сакавіка 2020, 13:03

Футбалісты Казахстана, Літвы і Албаніі сталі сапернікамі беларусаў у Лізе нацый

4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Жараб'ёўка групавога этапу Лігі нацый УЕФА сезона 2020/2021 была праведзена ў Амстэрдаме, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Футбалісты зборнай Беларусі выступяць у групе 4 лігі С разам з камандамі Казахстана, Літвы і Албаніі. У першым сезоне Лігі нацый беларусы згулялі паспяхова, падняўшыся з лігі D у лігу С. Дзякуючы гэтаму поспеху, беларускія футбалісты захоўваюць шанцы ўпершыню ў гісторыі прабіцца ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. Для гэтага падапечным Міхаіла Мархеля 26 сакавіка трэба перамагчы ў Тбілісі каманду Грузіі, а потым 31 сакавіка ўжо ў Мінску ўзяць верх над пераможцам сустрэчы Паўночная Македонія - Косава.

Склады астатніх квартэтаў лігі С другога сезона Лігі нацый УЕФА:

1 - Азербайджан, Люксембург, Кіпр, Чарнагорыя.

2 - Арменія, Грузія, Паўночная Македонія, Эстонія.

3 - Малдова, Славенія, Косава, Грэцыя.

Матчы групавога этапу адбудуцца з верасня па лістапад, калі каманды правядуць двухкругавы турнір з гульнямі дома і ў гасцях. Пераможцы чатырох груп лігі С пяройдуць у наступным сезоне ў лігу В, дзве горшыя каманды апусцяцца ў Лігу D.

Па такой жа схеме пройдуць турніры і ў лігах А, В і D. Па выніках другога сезона Лігі нацый два лепшыя пераможцы груп (на аснове рэйтынгу) прадоўжаць барацьбу за пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату свету 2022 года, які пройдзе ў Катары. Стыкавыя матчы за выхад на ЧС пройдуць у канцы сакавіка 2022 года.

Пераможцай дэбютнага розыгрышу Лігі нацый УЕФА у 2019 годзе стала зборная Партугаліі, якая перамагла ў фінальным матчы футбалістаў Нідэрландаў з лікам 1:0, у гульні за бронзу англічане адолелі швейцарцаў у серыі пасляматчавых пенальці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі