Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
28 студзеня 2020, 17:47

Футбалісты брэсцкага "Дынама" прайгралі кіяўлянам на зборы ў Турцыі

28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіёны Беларусі футбалісты брэсцкага "Дынама" няўдачна правялі другі спарынг на вучэбна-трэніровачным зборы ў Турцыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У матчы з віцэ-чэмпіёнам Украіны кіеўскім "Дынама" брастаўчане прайгралі з лікам 0:3. У першым тайме два галы ў вароты Паўла Паўлючэнкі забіў харвацкі абаронца кіяўлян Ёсіп Піварыч, а пасля перапынку дацкі паўабаронца Мікель Дуэлунд устанавіў канчатковы рэзультат. У складзе брэсцкіх дынамаўцаў на поле выходзілі экс-ігракі кіеўскай дружыны Арцём Мілеўскі і навабранец Яўген Хачэрыдзі.

У першым кантрольным матчы брэсцкае "Дынама" згуляла ўнічыю з украінскім "Марыупалем" - 2:2. У складзе беларускага клуба галы забілі Арцём Мілеўскі і Сяргей Кісляк. Наступны матч падапечныя Сяргея Кавальчука правядуць 29 студзеня супраць чэмпіёна Славакіі браціслаўскага "Слована".

Уладальнікі сярэбраных медалёў беларускага першынства футбалісты барысаўскага БАТЭ адкрылі праграму кантрольных сустрэч у Мінску, абыграўшы "Віцебск" з лікам 2:1. У барысаўчан вызначыліся Максім Скавыш і сербскі форвард Боян Дубайіч, у складзе віцябчан гол забіў малдаўскі легіянер Іон Нікалаеску. У сераду, 29 студзеня, футбалісты БАТЭ пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Кірыла Альшэўскага адправяцца на першы перадсезонны збор у Турцыю.

Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі салігорскі "Шахцёр" у першым кантрольным паядынку турэцкага збору абыграў сербскі "Спартак" з Субоціцы з "сухім" лікам 2:0. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформіў албанскі паўабаронца "гарнякоў" Аздрэн Лулаку. Заўтра падапечныя Юрыя Вярнідуба сустрэнуцца з польскім клубам "Пяст" у горадзе Глівіцэ.

Футбалісты мінскага "Дынама" ў гэтыя дні рыхтуюцца да новага сезона ў Сочы. Сёння каманда Сяргея Гурэнкі правядзе першы кантрольны матч супраць курскага "Авангарда", які выступае ў другім дывізіёне чэмпіянату Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі