Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
14 снежня 2018, 10:15

Футбалісты БАТЭ выйшлі ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы, перамогшы ПАОК

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты барысаўскага БАТЭ прабіліся ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы, перамогшы грэчаскі ПАОК з лікам 3:1 у гасцявым матчы 6-га тура групы L, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першая палова сустрэчы ў Салоніках пачалася з атак гаспадароў, але яны не ўяўлялі асаблівых пагроз варотам Дзяніса Шчарбіцкага. Затое адзін з контрвыпадаў барысаўчан завяршыўся голам - на 18-й мінуце гульні пасля перадачы з левага фланга лік адкрыў Максім Скавыш. За 3 мінуты да перапынку грэкі парушылі правілы ў сваёй штрафной плошчы і Мікалай Сігневіч рэалізаваў пенальці. Ён жа аформіў дубль у кампенсаваны час першага тайма - 3:0. Пасля перапынку гаспадары пайшлі наперад і на зыходзе гадзіны гульнявога часу Аляксандр Прыёвіч адыграў адзін мяч. У хуткім часе Мікалай Сігневіч быў выдалены з поля і гасцям давялося думаць толькі пра абарону. Гаспадары поўнасцю валодалі ініцыятывай, але барысаўчане адстаялі свае вароты і заваявалі пуцёўку ў 1/16 фіналу. Футбалісты БАТЭ ўзялі рэванш ў ПАОК за паражэнне ў дамашняй сустрэчы першага круга 1:4.

У другім матчы заключнага тура групы L венгерскі "Відзі" ў Будапешце згуляў унічыю - 2:2 з лонданскім "Чэлсі", які даўно забяспечыў сабе пуцёўку ў плэй-оф.

Падагульняючае становішча: "Чэлсі" - 16 ачкоў, БАТЭ - 9, "Відзі" - 7, ПАОК - 3.

Акрамя "Чэлсі" і БАТЭ, у 1/16 фіналу Лігі Еўропы выйшлі: расійскія "Краснадар", "Зеніт" (Санкт-Пецярбург), іспанскія "Бетыс", "Вільярэал", "Севілья", нямецкія "Баер" (Леверкузен), "Айнтрахт" (Франкфурт), украінскае "Дынама" (Кіеў), аўстрыйскія "Зальцбург", "Рапід" (Вена), англійскі "Арсенал" (Лондан), бельгійскі "Генк", італьянскі "Лацыа" (Рым), партугальскі "Спортынг" (Лісабон), французскі "Рэн", турэцкі "Фенербахчэ" (Стамбул), харвацкае "Дынама" (Загрэб), швейцарскі "Цюрых", шведскі "Мальме", шатландскі "Селтык" (Глазга), чэшская "Славія" (Прага), грэчаскі "Алімпіякос" (Пірэй). Да іх таксама далучацца 8 каманд, якія занялі трэція месцы ў групах Лігі чэмпіёнаў: бельгійскі "Бруге", італьянскія "Інтэр" (Мілан), "Напалі", іспанская "Валенсія", партугальская "Бенфіка" (Лісабон), украінскі "Шахцёр" (Данецк), турэцкі "Галатасарай" (Стамбул), чэшская "Вікторыя" (Пльзень).

Жараб'ёўкі першых матчаў плэй-оф абодвух кантынентальных турніраў адбудуцца 17 снежня ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі