Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 мая 2022, 12:11

Футбалісты "Айнтрахта" і "Глазга Рэйнджэрс" разыграюць трафей Лігі Еўропы

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты нямецкага "Айнтрахта" і шатландскага "Глазга Рэйнджэрс" сёння разыграюць галоўны трафей Лігі Еўропы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Фінальны паядынак другога па рангу кантынентальнага клубнага турніру пройдзе на полі стадыёна "Рамон Санчэс Пісхуан" у іспанскай Севільі (пачатак у 22.00; прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5"). Судзіць вырашальную сустрэчу будзе славенская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць С.Вінчыч. На паўфінальнай стадыі "Айнтрахт" двойчы перайграў англійскі "Вест Хэм" з Лондана - 2:1 (у гасцях) і 1:0 (дома). "Глазга Рэйнджэрс" па суме дзвюх сустрэч перамог яшчэ аднаго прадстаўніка нямецкай бундэслігі "Лейпцыг" - 0:1 (у гасцях) і 3:1 (дома). У другім паядынку адзін гол у вароты лейпцыгскай каманды забіў лідар бамбардзірскай гонкі ЛЕ Джэймс Таверньер, у актыве якога цяпер 7 мячоў. Абодва фіналісты па разе станавіліся пераможцамі кантынентальных турніраў: у 1980 годзе "Айнтрахт" заваяваў Кубак УЕФА, а футбалісты "Глазга Рэйнджэрс" у 1972 годзе выйгралі Кубак уладальнікаў кубкаў. У мінулым сезоне Лігу Еўропы ўпершыню выйграў іспанскі "Вільярэал", які абыграў у фінале англійскі "Манчэстэр Юнайтэд" у серыі пасляматчавых пенальці.

Праз тыдзень, 25 мая, у албанскай Тыране адбудзецца вырашальны паядынак трэцяга па рангу кантынентальнага турніру - Лігі канферэнцый, у якім згуляюць італьянская "Рома" і нідэрландскі "Феенорд". Спіс лепшых бамбардзіраў гэтых спаборніцтваў цяпер узначальвае Сірыл Дэсерс ("Феенорд"), у актыве якога 10 мячоў.

У фінале галоўнага клубнага турніру Старога Свету - Лігі чэмпіёнаў 28 мая на полі "Стад дэ Франс" у Парыжы сыдуцца 13-разовы ўладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў мадрыдскі "Рэал" і англійскі "Ліверпуль", які шэсць разоў валодаў гэтым трафеем. У мінулым сезоне ў чыста англійскім фінале чэмпіёнскую Лігу выйграў лонданскі "Чэлсі", ён перамог "Манчэстэр Сіці".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі