Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 мая 2021, 11:20

Фіналісты футбольнага Кубка Беларусі адкрыюць 10-ы тур нацыянальнага чэмпіянату

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праграму 10-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі сёння адкрыюць удзельнікі фінальнага кубкавага паядынку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Цяперашнія ўладальнікі Кубка краіны футбалісты БАТЭ прымуць на полі "Барысаў-Арэны" аўтсайдара нацыянальнага першынства рэчыцкі "Спадарожнік". У мінулым туры барысаўчане ў сябе дома атрымалі валявую вікторыю над футбалістамі брэсцкай каманды "Рух" (3:2), а дэбютанты вышэйшай лігі пацярпелі восьмае паражэнне, уступіўшы на сваім полі мазырскай "Славіі" (0:2). "Іслач", якая ўпершыню прабілася ў фінал кубкавага розыгрышу, сёння згуляе ў Маладзечне супраць "Віцебска". На мінулым тыдні футбалісты "Іслачы" згулялі ўнічыю ў Жодзіне з мясцовым "Тарпеда-БелАЗам "(3:3), а віцябчане ў сябе дома перамаглі сталічны "Энергетык-БДУ" (3:2). Вырашальны паядынак Кубка Беларусі адбудзецца 23 мая ў Гомелі.

Два матчы 10-га тура чэмпіянату пройдуць 21 мая. У Салігорску адбудзецца цэнтральны паядынак - лідар турніру мясцовы "Шахцёр" прыме аднаго са сваіх галоўных канкурэнтаў мінскае "Дынама". У мінулы ўік-энд абодва сапернікі дабіліся перамог: "Шахцёр" выйграў у Гродне ў "Нёмана" (2:1), а сталічныя дынамаўцы на сваёй арэне былі мацнейшыя за "Смаргонь". Таксама ў пятніцу "Славія" ў Мазыры сустрэнецца з "Гомелем". Астатнія сустрэчы гэтага тура адбудуцца 22 мая: "Смаргонь" - "Тарпеда-БелАЗ", "Мінск" - "Дынама" (Брэст), "Рух" - "Нёман", "Энергетык-БДУ" - "Слуцк".

Становішча каманд пасля 9 тураў: "Шахцёр" - 27 ачкоў, "Дынама" (Мінск) - 20, БАТЭ - 20, "Дынама" (Брэст) - 17, "Гомель" - 15, "Рух" - 15, "Іслач" - 13, "Тарпеда-БелАЗ" - 12, "Віцебск" - 12, "Мінск" - 10, "Славія" - 8, "Слуцк" - 7, "Нёман" - 6, "Энергетык-БДУ" - 6, "Смаргонь" - 4, "Спадарожнік" - 3.

Спіс лепшых бамбардзіраў узначальвае гамбійскі форвард "Шахцёра" Дэмба Дарба, які забіў 9 мячоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі