Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 ліпеня 2019, 17:53

Федэрацыя хакея Беларусі прапануе ўнесці змяненні ў падрыхтоўку юных ігракоў

10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Федэрацыя хакея Беларусі прапануе ўнесці змяненні ў падрыхтоўку юных ігракоў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам і прадстаўнікам спартыўных школ старшыня ФХБ Генадзь Савілаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў кіраўнік беларускага хакея, галоўная мэта змяненняў - значна павялічыць колькасць рознабакова развітых, здаровых спартсменаў. "За апошнія гады ў нашым дзіцяча-юнацкім хакеі адбыліся пазітыўныя змены, гэта дзякуючы і ранейшым кіраўнікам федэрацыі, якія далі магчымасць многім нашым маладым ігракам стаць запатрабаванымі ў паўночнаамерыканскіх лігах. Напрыклад, упершыню за доўгі час два беларускія хакеісты Уладзіслаў Калячонак і Аляксей Протас выбраны клубамі НХЛ у першай сотні. Гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусі ідзе падрыхтоўка, але, каб праз дзесяць гадоў некалькі дзясяткаў маладых беларусаў выступалі ў НХЛ, неабходны якасны скачок, таму мэта Федэрацыі хакея не проста павялічыць колькасць ігракоў да 2025 года. Методыкі, сродкі, магчымасці падрыхтоўкі атлетаў высокага класа розныя ў розных відах спорту, але ўсе адзіныя на думцы, што на пачатковым этапе дзяцей прыцягвае здавальненне ад заняткаў фізічнымі практыкаваннямі, захапленне гульнёй. Федэрацыя прапануе спартшколам прымяніць вопыт такіх краін, як Канада, Фінляндыя, ЗША і Швецыя", - сказаў Генадзь Савілаў.

Згодна з новым рэгламентам правядзення першынстваў на будучы сезон каманды будуць падзелены па тэрытарыяльнай прыкмеце на пяць зон, што значна зменшыць фінансавыя затраты школ і бацькоў, матчы будуць праходзіць без візуальнага прадстаўлення ліку і вядзення турнірных табліц для дзіцячых каманд да 12 гадоў; прымаць дзяцей у хакейныя секцыі прапануецца і пасля шасці гадоў, плануецца праводзіць гульні на маленькіх варотах на палавіне лядовай пляцоўкі, што паступова адаптуе юных атлетаў да фармату матчаў па правілах дарослага хакея.

"Асноўная мэта - зрабіць хакей з шайбай больш даступным і прывабным для дзяцей", - адзначыў Генадзь Савілаў.

Федэрацыя хакея Беларусі і далей будзе накіроўваць на дзіцячы хакей значныя сродкі. Сёння ў ФХБ прадоўжана пагадненне аб супрацоўніцтве з гандлёвай сеткай "Еўрагандаль" для развіцця дзіцяча-юнацкага хакея Беларусі і падтрымкі інстытута зборных каманд краіны.

Як адзначылі ў федэрацыі, у Беларусі працуе 31 хакейная школа: 27 дзяржаўных і 4 прыватныя. Хакеем з шайбай займаюцца больш за 6 тыс. чалавек, а колькасць лядовых пляцовак можа быць павялічана да 2020 года да 43 арэн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі