Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 мая 2021, 14:54

Федэрацыя біятлона пракаменціравала перанос этапу Кубка свету з "Раўбічаў"

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская федэрацыя біятлона з глыбокім шкадаваннем успрыняла рашэнне Выканаўчага камітэта Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU), прынятае без якіх-небудзь кансультацый з беларускім бокам, аб пераносе восьмага этапу Кубка свету па біятлоне 2022 года з Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы". Аб гэтым гаворыцца ў заяве на сайце федэрацыі, паведамляе БЕЛТА.

Для паспяховага правядзення такога прэстыжнага турніру беларускі бок у асобе зацікаўленых арганізацый і дзяржаўных структур поўнасцю выканаў усе патрабаванні IBU, якія прад'яўляюцца да арганізатараў такіх міжнародных спартыўных спаборніцтваў. Праведзена мадэрнізацыя спартыўнага комплексу "Раўбічы", якому прысвоена найвышэйшая катэгорыя А, што дае права праводзіць біятлонныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. Паводле ацэнак спартсменаў і спецыялістаў, "Раўбічы" з'яўляюцца адной з лепшых біятлонных арэн у свеце, - адзначаецца ў заяве. - У апошнія гады Беларусь прыняла некалькі міжнародных турніраў (два чэмпіянаты Еўропы, чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў, этап Кубка IBU, чэмпіянат свету па летнім біятлоне), паспяховае правядзенне якіх разглядаецца IBU як абавязковая ўмова для атрымання права на правядзенне этапу Кубка свету па біятлоне".

Сусветная біятлонная грамадскасць, шматлікія аматары айчыннага біятлона добра памятаюць, што ў лютым 2020 года Беларусь аператыўна адгукнулася на просьбу IBU аб тэрміновым пераносе адкрытага чэмпіянату Еўропы па біятлоне з эстонскага горада Отэпя з прычыны адсутнасці дастатковага снежнага покрыва там, як і ў большасці краін Еўропы. Паводле ацэнак IBU, вышэйзгаданыя прэстыжныя спаборніцтвы праведзены на высокім арганізацыйным і прафесійным узроўні, нягледзячы на кароткія тэрміны падрыхтоўкі, складаныя кліматычныя фактары і іншыя цяжкасці.

Падрыхтавана кампетэнтная каманда спецыялістаў і суддзяў, здольных арганізаваць правядзенне любых біятлонных мерапрыемстваў.

У федэрацыі таксама нагадалі, што ў краіне многае зроблена для развіцця дзіцяча-юнацкага спорту. У 2017-2020 гады пабудаваны лыжна-біятлонныя комплексы ў Гомелі, Баранавічах, Чавусах, Гарадку, мадэрнізаваны стадыёны і лыжаролерныя трасы ў Навагрудку, Наваполацку і іншыя. Рэалізуецца маштабная работа па распрацоўцы і ўкараненні інавацыйных падыходаў па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, якая не мае аналагаў на постсавецкай прасторы.

"Дзякуючы яркім перамогам беларускіх біятланістаў значна вырас аўтарытэт беларускага спорту на міжнароднай арэне, няўхільна расце колькасць аматараў біятлона ў рэспубліцы. Перакананы, што Беларусь правяла б этап Кубка свету ў 2022 годзе на вышэйшым узроўні, і спадзяёмся, што факт яго пераносу з "Раўбічаў" застанецца адзіным падобным выпадкам у гісторыі, а шматлікія беларускія балельшчыкі, якія, без сумнення, запоўняць любую колькасць месцаў для гледачоў на дамашнім стадыёне і з нецярпеннем чакалі адменены этап, яшчэ атрымаюць магчымасць далучыцца да сусветнага біятлона ў любімай Беларусі", - рэзюмуецца ў заяве федэрацыі біятлона.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі