
15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж федэрацыямі фрыстайла Беларусі і Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК.
Подпіс пад пагадненнем з беларускага боку паставіў старшыня БФФ Аляксандр Пянігін, з расійскага - прэзідэнт ФФР Аляксей Курашоў. Дакумент прадугледжвае правядзенне агульных вучэбна-трэніровачных збораў, семінараў для спецыялістаў, а таксама ўдзел у сумесных спаборніцтвах на тэрыторыі абедзвюх краін. Расійскі бок падзякаваў беларускім калегам за магчымасць супрацоўніцтва і абмену вопытам: цяпер у Мінску праходзіць збор расійскай каманды.
Беларусь і Расія ўжо ўзаемадзейнічалі ў развіцці адной з дысцыплін фрыстайла - лыжнай акрабатыкі. У камандах абедзвюх краін нямала атлетаў сусветнага ўзроўню, якія рэгулярна займаюць прызавыя месцы на буйных міжнародных турнірах.
Раней у Мінску дагаворы аб супрацоўніцтве падпісалі ГА "Спартыўны клуб скачкоў на лыжах з трампліна і лыжнага дваябор'я" і Федэрацыя скачкоў на лыжах з трампліна і лыжнага дваябор'я Расіі, а таксама Беларускі лыжны саюз і Асацыяцыя лыжных відаў Расіі.-0-