Сцяг Нядзеля, 21 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
14 чэрвеня 2024, 11:22

ЕЎРА-2024: месяц вялікага футбола - старт у Мюнхене, фініш - у Берліне

Фота з архіва
Фота з архіва
14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На футбольных арэнах Германіі стартуе 17-ы чэмпіянат Еўропы. На працягу месяца сустрэчы лепшых футбалістаў кантынента пройдуць у дзесяці нямецкіх гарадах, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння ў Мюнхене ў матчы адкрыцця гаспадары турніру футбалісты Германіі сустрэнуцца з камандай Шатландыі. Галоўным арбітрам гэтай гульні назначаны французскі рэферы Клеман Цюрпен. Другі паядынак у гэтым квартэце паміж зборнымі Венгрыі і Швейцарыі адбудзецца заўтра ў Кёльне.

Дзеючыя чэмпіёны Еўропы футбалісты Італіі згуляюць у групе В разам з камандамі Іспаніі, Харватыі і Албаніі. Фіналісты папярэдняга ЧЕ англічане выступяць у квартэце С, дзе іх сапернікамі будуць зборныя Даніі, Славеніі і Сербіі. Дэбютанты турніру такога рангу футбалісты Грузіі згуляюць у групе F і пастараюцца даць бой экс-чэмпіёнам Старога Свету партугальцам і чэхам, а таксама турэцкім футбалістам. Першы паядынак зборная Грузіі правядзе 18 чэрвеня ў Дортмундзе супраць каманды Турцыі. Падтрымаць сваю каманду на гэту гульню адправяцца больш як 20 тыс. грузінскіх балельшчыкаў.

Склады астатніх папярэдніх груп:

D - Польшча, Аўстрыя, Францыя, Нідэрланды;

Е - Украіна, Славакія, Бельгія, Румынія.

Папярэдні этап завершыцца 26 чэрвеня, пасля чаго ў плэй-оф выйдуць зборныя, якія зоймуць 1-2-я месцы ў кожнай групе, а таксама 4 лепшыя каманды з тых, што занялі трэція месцы. Сустрэчы 1/8 фіналу адбудуцца 29 чэрвеня - 2 ліпеня, чвэрцьфіналы пройдуць 5 і 6 ліпеня, паўфінальныя матчы намечаны на 9 і 10 ліпеня, а вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 14 ліпеня на полі Алімпійскага стадыёна ў Берліне.

Агульны прызавы фонд ЧЕ-2024 складзе 331 млн еўра, прычым усе 24 яго ўдзельнікі ўжо гарантавалі сабе па 9,25 млн еўра. Далей каманды будуць атрымліваць па 1 млн за перамогу ў матчы групавой стадыі, за нічыю - па 500 тыс. Выхад у 1/8 фіналу "каштуе" 1,5 млн, у чвэрцьфінал - 2,5 млн, у паўфінал - 4 млн, фіналіст атрымае 5 млн, а пераможца фіналу атрымае яшчэ 8 млн еўра. Такім чынам, калі чэмпіён выйграе ўсе тры сустрэчы на першым этапе і потым усе матчы плэй-оф, то атрымае 28,25 млн еўра.

Футбольны чэмпіянат Еўропы праводзіцца з 1960 года. Па тры разы яго пераможцамі станавіліся зборныя Германіі і Іспаніі, па два чэмпіёнскія тытулы ў Італіі і Францыі, па разе золата бралі каманды Савецкага Саюза, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў, Грэцыі і Партугаліі. У фінальным паядынку мінулага Еўра італьянцы адолелі англічан у серыі пасляматчавых пенальці.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі