Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 сакавіка 2021, 09:19

Экіпіроўку для нацыянальнай каманды на Гульні ў Токіа прэзентавалі ў Мінску

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя экіпіроўкі для нацыянальнай каманды Беларусі на Гульні ў Токіа, прымеркаваная да 30-годдзя НАК, адбылася ў сталічным спартыўна-забаўляльным комплексе Falcon Club Arena, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ганаровымі гасцямі сталі вядомыя беларускія атлеты, кіраўніцтва спартыўнай галіны, вядомыя грамадскія дзеячы і артысты, прадстаўнікі СМІ.

Прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка павіншаваў усіх гасцей з 30-годдзем арганізацыі, адзначыўшы, што за параўнальна невялікі перыяд сваёй незалежнасці Беларусь дасягнула значных вынікаў на міжнароднай спартыўнай арэне. "Якасная інфраструктура, прафесіяналізм нашых трэнераў і велізарны патэнцыял спартсменаў даюць магчымасць дасягаць самых высокіх алімпійскіх вяршынь, - сказаў Віктар Лукашэнка. - Дзверы НАК адкрыты для ўсіх: мы гатовы для новых ініцыятыў, рэалізацыі цікавых праектаў, плённай, канструктыўнай працы па ўмацаванні алімпійскага руху. Мы выказваем зацікаўленасць у арганізацыі буйных спартыўных форумаў пад эгідай міжнародных федэрацый, якія з'яўляюцца сапраўдным святам для нашага народа".

Прэзідэнт НАК падзякаваў ад імя беларускай алімпійскай сям'і ветэранам фізічнай культуры і спорту: "Новае пакаленне беларускіх атлетаў дзякуе вам за багатую спадчыну, якая дазваляе прагрэсіраваць і дабівацца высокіх дасягненняў. Несумненна, многае ўжо зроблена. Але зрабіць трэба яшчэ больш. Упэўнены, годным і лепшым падарункам у год 30-гадовага юбілею НАК Беларусі стане паспяховае выступленне нашых спартсменаў на Гульнях XXXII Алімпіяды ў Токіа і зімовых Гульнях у Пекіне".

Віктар Лукашэнка пажадаў усім моцнага здароўя, бадзёрасці духу, заваявання новых вышынь і стварэння яркіх старонак у гісторыі беларускага спорту. "Дзякую ўсім беларускім алімпійцам за майстэрства, цвёрдасць і волю да перамогі, за тыя пачуцці радасці і гонару, якія вы даяце мільёнам нашых суграмадзян", - сказаў ён.

На распрацоўку дызайну экіпіроўкі супрацоўнікі НАК са спецыялістамі прыватнага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства "Сола-Пінск" патрацілі два гады. Камплект формы складаецца з 44 прадметаў. Улічаны сучасныя тэндэнцыі спартыўнай моды, пажаданні беларускіх алімпійцаў і кліматычныя ўмовы ў месцы правядзення Алімпіяды.

Упершыню ў гісторыі на XXXII Алімпіядзе ў Токіа каманда Беларусі выступіць пад брэндам Team BY, які быў прадстаўлены грамадскасці ў канцы 2018 года. За аснову лагатыпа ўзяты бусел - сімвал Беларусі. Яго графічнае афармленне сімвалізуе імкненне каманды да перамог і заваявання новых вышынь. Тeam BY - зарэгістраваны таварны знак НАК Беларусі, яго выкарыстанне, у тым ліку ў рэкламных мэтах, пабочнымі арганізацыямі дапускаецца толькі пры заключэнні ліцэнзійных дагавораў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі