15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экіпаж "МАЗ-СПОРТаўта", якім кіраваў Аляксандр Васілеўскі, заняў пятае месца на дзявятым этапе ралі "Шаўковага шляху", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ААТ "МАЗ".
Большая частка маршруту прайшла па пясчаных дарогах з высокімі дзюнамі пустыні Гобі. Бліжэй да фінішу экіпажам сустракаліся ўзгоркі і высахлыя рэчышчы рэк, даўжыня спецучастка склала 290 км.
МАЗ Аляксандра Васілеўскага паказаў пяты час - 4 гадз 41 мін. Ад лідара этапу і гонкі расіяніна Антона Шыбалава беларускі экіпаж адстаў на 38 мін. У генеральнай класіфікацыі беларусы ідуць шостымі, прайграючы звыш 5 гадзін.
"Траса была горшай, чым учора. Пясчаныя ўзгоркі, дзюны, размытая дарога, калі яма на яме. Нават скорасная дарога даўжынёй 30 км бліжэй да фінішу была крыху размыта. Даводзілася кожныя 100 м тармазіць", - расказаў пілот Аляксандр Васілеўскі.
Праблемы на трасе ўзніклі ў экіпажа Аляксея Вішнеўскага - прапаў прывад на задні мост. Прадаўжаць гонку па дзюнах на пярэднім прывадзе было немагчыма, таму экіпаж павярнуў назад і накіраваўся на старт спецучастка. Да фінішу ён дабярэцца па трасе, за што атрымае штрафныя 100 гадзін, але зможа праехаць апошні спецучастак.
Як адзначылі ў прэс-службе, лідар каманды Сяргей Вязовіч сышоў з гонкі пасля няўдалага кульбіта на папярэднім этапе. Капотны грузавік вылецеў з пясчанага трампліна, перавярнуўся, стаў на колы і спакойна паехаў далей, але ўдар і пашкоджанні былі вельмі сур'ёзныя - стала небяспечна прадаўжаць гонку.
Апошні этап пройдзе ў перадгор'і і, як чакаецца, таксама будзе няпросты. Працягласць спецучастка складзе 255 км. Гоншчыкам давядзецца праехаць цясніны, горныя плато, а па звілістых дарожках трапіць на раўнінную мясцовасць. Апошні адрэзак будзе пралягаць па роўнай і хуткай грунтавой дарозе.
Ралі-рэйд "Шаўковы шлях" праходзіць з 6 па 16 ліпеня па тэрыторыях Расіі, Кітая і Манголіі. Траса гонкі ўяўляе сабой скорасныя ўчасткі ва Усходняй Сібіры, мангольскія стэпы, кітайскія раўніны і пясчаныя адрэзкі з дзюнамі ў пустыні Гобі. Маршрут складае 5 тыс. км, з якіх палавіна прыпадае на спецучасткі.-0-