29 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Дзіцячы футбольны трэнер з Бельгіі Ёнас Дземан правядзе майстар-клас для выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы футбольнага клуба "Баранавічы", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ФК "Баранавічы" Аляксандр Зотаў.
Трэніроўку замежны спецыяліст правядзе па праграме УЕФА, накіраванай на развіццё дзіцячага футбола. Ёнас Дземан у Беларусі не ўпершыню, майстар-класы для спартсменаў-пачаткоўцаў ён праводзіў у іншых гарадах нашай краіны. "У Баранавічы ён прыязджае 30 чэрвеня і правядзе ў нас дзве трэніроўкі. Першая будзе ў 10 раніцы, другая для дзяцей старэйшага ўзросту пройдзе ў абед", - расказаў Аляксандр Зотаў.
Урокі майстэрства ад бельгійскага трэнера атрымаюць хлопчыкі 2012-1013 гадоў нараджэння. Займацца яны будуць на штучным газоне на тэрыторыі спарткомплексу "Дубава-спорт". Адна трэніроўка будзе доўжыцца паўтары гадзіны. У асноўным упор будзе зроблены на практыку. Таксама Ёнас Дземан сустрэнецца з трэнерамі, якія працуюць з дзецьмі.
"Бельгійская методыка падрыхтоўкі юных футбалістаў цяпер адна з самых эфектыўных у свеце. Ёнас Дземан - трэнер з больш як 14-гадовым стажам работы з дзецьмі ў Бельгіі і за яе межамі. Ён валодае ліцэнзіяй УЕФА, працаваў у Кітаі, на Філіпінах і ў Тайландзе. Цяпер трэніруе ў бельгійскім клубе. Яго стыль і вопыт пойдуць на карысць нашым дзецям і трэнерам", - упэўнены Аляксандр Зотаў.
Замежнага спецыяліста плануюць азнаёміць са спартыўнай інфраструктурай Баранавіч, у тым ліку абноўленага стадыёна "Лакаматыў".-0-