Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 студзеня 2023, 12:33

Дабрачынны турнір па спартыўна-баявых адзінаборствах пройдзе ў Мінску

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ІХ Калядны дабрачынны турнір па спартыўна-баявых адзінаборствах, памяці героя Беларусі мітрапаліта Філарэта пройдзе 13-14 студзеня ў Мінску, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Сёння адбудзецца дабрачынны канцэрт для выхаванцаў псіханеўралагічных інтэрнатаў. На заўтра запланаваны спаборніцтвы спартсменаў.

Мэты турніру - стварыць атмасферу каляднай урачыстасці для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, забяспечыць пошук матывацыйных магчымасцей і прыцягнуць цікавасць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі да розных сфер спартыўнага жыцця, аказаць ім матэрыяльную дапамогу, фарміраваць у юных спартсменаў пачуццё гуманізму і міласэрнасці, павагі да чалавечай годнасці, гатоўнасць праявіць свае лепшыя якасці для аказання дапамогі бліжнім.

"Дзявяты раз мы сустракаем Раство з асаблівым настроем - не толькі як свята, але і як магчымасць аказаць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу, займаючыся пры гэтым любімай справай, тым, што мы па-сапраўднаму ўмеем - спартыўна-баявымі адзінаборствамі. У рамках акцыі "Нашы дзеці" будзе арганізаваны турнір па спартыўна-баявых адзінаборствах, усе зборы ад якога будуць накіраваны на набыццё неабходных сродкаў гігіены для пражываючых у псіханеўралагічных інтэрнатах, - расказалі арганізатары. - Турнір прысвечаны светлай памяці Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта, па благаславенні якога ў 2014 годзе ён атрымаў свой пачатак".

У асяроддзі юных спартсменаў, якія практыкуюць спартыўна-баявыя адзінаборствы, калядны турнір карыстаецца заслужанай увагай і папулярнасцю. Тут не толькі здаровае спартыўнае жаданне паказаць прыгожыя, відовішчныя паядынкі, прадэманстраваць свае лепшыя байцоўскія якасці. Матывацыя ўдзельнікаў турніру надзвычай высокая яшчэ і таму, што змагаюцца яны не столькі за сябе, не за медалі і месцы, а за сваіх равеснікаў з абмежаванымі магчымасцямі, якім так патрэбна дапамога.

Сённяшні турнір ужо дзявяты. Паядынкі праходзяць у лёгкаатлетычным манежы Універсітэта фізічнай культуры, што дае магчымасць стварыць асаблівую святочную атмасферу як для гледачоў, так і для ўдзельнікаў спаборніцтваў. Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да павелічэння колькасці ўдзельнікаў турніру. Так, калі ў спартыўных спаборніцтвах першага каляднага дабрачыннага турніру 11 студзеня 2014 года прыняло ўдзел каля 200 спартсменаў, якія займаюцца каратэ і рукапашным боем, то ў 2020-м - ужо больш за 1 тыс. юных атлетаў. Акрамя традыцыйных удзельнікаў турніру - прадстаўнікоў федэрацый каратэ, рукапашнага бою і тхэквандо, да мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі кікбоксінга і кёкусінкай каратэ, што ператварыла турнір у сапраўдны фестываль спартыўных адзінаборстваў.

Але на гэтым мерапрыемства не заканчваецца. Яшчэ два тыдні пасля самога турніру прадоўжацца гастролі артыстаў і спартсменаў па інтэрнатах Мінскай вобласці. Турнір адправіцца да тых, хто не зможа яго наведаць. Будуць песні, танцы, паказальныя выступленні і, вядома, падарункі, набытыя на сродкі ад правядзення турніру і на ахвяраванні дабрачынцаў. "Спадзяёмся, што дзявяты калядны дабрачынны турнір захавае ўсё лепшае, чаго ўдалося дасягнуць у мінулыя гады і збярэ яшчэ больш гасцей і ўдзельнікаў", - дадалі арганізатары.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджваюцца медалямі і граматамі адпаведных ступеней. Кожнаму ўдзельніку незалежна ад занятага месца будзе ўручаны сертыфікат. Узнагароджванне пераможцаў адбудзецца пасля заканчэння паядынкаў у адпаведнай катэгорыі.

Арганізатары: Міністэрства спорту і турызму, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, аддзел па справах моладзі Мінскай епархіі, Федэрацыі па спартыўных адзінаборствах, "Белая Русь", БРСМ, дабрачынны фонд імя прападобнай Ефрасінні Полацкай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі