Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 лютага 2019, 10:06

Біятлонны фестываль "Гонка легенд" адбудзецца ў "Раўбічах"

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Біятлонны фестываль "Гонка легенд" адбудзецца сёння ў рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", паведамляе БЕЛТА.

У стартах прымуць удзел вядомыя біятланісты, якія дабіваліся значных перамог у спартыўнай кар'еры. Адным з самых тытулаваных удзельнікаў стане васьміразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне нарвежац Уле-Эйнар Б'ёрндален, муж чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай, якая з'яўляецца ідэйным натхняльнікам "Гонкі легенд".

Акрамя вядомай у свеце спорту беларуска-нарвежскай пары, у "Раўбічы" прыбылі Андрэй Дзерыземля (Украіна), Уладзімір Драчоў (Расія), Ларс Бергер (Нарвегія), Фларанс Баверэль (Францыя), Сімона Хаўсвальд (Германія), Надзея Скардзіна (Беларусь), Халвард Ханевальд (Нарвегія), Ганна Багалій (Расія), Венсан Дэфран (Францыя), Сяргей Чэпікаў (Расія), Фрудэ Андрэсен (Нарвегія), Сяргей Новікаў (Беларусь), Аляксандр Папоў (Беларусь), Карын Ніягрэ (Францыя), Алена Зубрылава (Беларусь), Карын Аберхофер (Італія), Кацярына Дафоўска (Балгарыя), П'ер Альберта Карара (Італія) і Алена Пятрова (Украіна).

Атлеты правялі ўжо трэніроўку ў "Раўбічах", а таксама зрабілі прагулку па найбольш знакавых месцах беларускай сталіцы.

Арганізацыйны камітэт спартыўнага фестывалю апублікаваў расклад маючых адбыцца мерапрыемстваў. У 14.00 пачнецца майстар-клас для фіналістаў рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў "Снежны снайпер" і турніру "Кубак Беларускай федэрацыі біятлона", у 15.30 адбудзецца аўтограф-сесія ўдзельнікаў "Гонкі легенд" у спартыўнай зале.

Цырымонія адкрыцця "Гонкі легенд" і адкрытага чэмпіянату Еўропы па біятлоне пачнецца на стадыёне ў "Раўбічах" у 17.00. У 17.50 адбудзецца мас-старт сярод жанчын, а ў 18.15 выступяць мужчыны. Заключным забегам і адным з самых цікавых стане змешаная эстафета, якая пачнецца ў 18.45. Завершыцца спартыўнае свята ў 19.30 узнагароджаннем пераможцаў і прызёраў біятлоннага фестывалю "Гонка легенд", рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер", а таксама адбудуцца праводзіны Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіна з вялікага спорту.

"Гонка легенд" пройдзе трэці раз. Раней фестываль праводзіўся ў 2015 і 2016 гадах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі