Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
08 верасня 2021, 10:03

Беларусы згуляюць з бельгійцамі ў адборачным матчы футбольнага чэмпіянату свету

8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты зборнай Беларусі правядуць сёння чарговы матч адборачнага турніру чэмпіянату свету 2022 года, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У сваім пятым паядынку беларусы прымуць у Казані лідара кваліфікацыйнай групы Е каманду Бельгіі. Гэту сустрэчу будзе абслугоўваць польская брыгада суддзяў, якую ўзначаліць Павел Рачкоўскі, яго асістэнтамі стануць Радаслаў Сейка і Адам Купсік, рэзервовы рэферы - Томаш Мусял. Гульня пачнецца ў 21.45 і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 2".

Футбалісты Бельгіі прыехалі ў Казань без шэрага ігракоў асноўнага складу. У прыватнасці, з беларусамі не згуляюць лідар атак бельгійскай каманды Рамелу Лукаку, асноўны галкіпер Ціба Куртуа, паўабаронца Аксель Вітсель і абаронца Ян Вертанген. У першым крузе адборачнага турніру беларускія футбалісты ўступілі бельгійцам на іх полі з вялікім лікам 0:8 і сёння будуць старацца рэабілітавацца перад сваімі балельшчыкамі. Галоўны трэнер беларускай зборнай Георгій Кандрацьеў лічыць, што яго падапечныя ў апошніх матчах згулялі нядрэнна, каманда прагрэсіруе, ігракі знаходзяцца ў добрым тонусе і сёння павінны добра выступіць супраць грозных сапернікаў.

На старце цяперашняй кваліфікацыі беларусы выйгралі на сваім полі ў эстонцаў з лікам 4:2. Пасля фіяска ў Бельгіі былі яшчэ два паражэнні - ад Чэхіі (0:1) і Уэльса (2:3). Бельгійцы, акрамя вікторыі над беларусамі, абыгралі Уэльс (3:1), Эстонію (5:2) і Чэхію (3:0), а таксама згулялі ўнічыю з чэхамі (1:1). У другім сённяшнім матчы гэтай групы каманда Уэльса прыме ў Кардыфе зборную Эстоніі.

Становішча каманд: Бельгія - 13 ачкоў (5 матчаў), Чэхія - 7 (5), Уэльс - 6 (3), Беларусь - 3 (4), Эстонія - 0 (3).

Таксама сёння пройдуць сустрэчы яшчэ ў чатырох групах:

В - Грэцыя - Швецыя, Косава - Іспанія. Становішча каманд: Іспанія - 10 (5), Швецыя - 9 (3), Косава - 4 (4), Грэцыя - 3 (3), Грузія - 1 (5).

С - Італія - Літва, Паўночная Ірландыя - Швейцарыя. Становішча каманд: Італія - 11 (5), Швейцарыя - 7 (3), Балгарыя - 5 (5), Паўночная Ірландыя - 4 (3), Літва - 0 (4).

I - Польшча - Англія, Венгрыя - Андора, Албанія - Сан-Марына. Становішча каманд пасля пяці тураў: Англія - 15, Польшча - 10, Албанія - 9, Венгрыя - 7, Андора - 3, Сан-Марына - 0.

J - Ісландыя - Германія, Арменія - Ліхтэнштэйн, Паўночная Македонія - Румынія. Становішча каманд пасля пяці тураў: Германія - 12, Арменія - 10, Румынія - 9, Паўночная Македонія - 8, Ісландыя - 4, Ліхтэнштэйн - 0.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі