Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 ліпеня 2024, 15:44

Беларусы заваявали дзве бронзы ў стральбе з лука на Гульнях "Дзеці Азіі"

Фота НАК
Фота НАК
4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены выйгралі два медалі ў дзявяты дзень спаборніцтваў VIII Міжнародных гульняў "Дзеці Азіі", якія праходзяць у Якуцку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У чацвер, 4 ліпеня, прадстаўнікі Беларусі спаборнічалі за ўзнагароды ў стральбе з лука і кулявой стральбе. У асабістым першынстве сярод лучнікаў наш Глеб Акуневіч дайшоў да паўфіналу, дзе ўступіў Максіму Малафееву з Уральскай федэральнай акругі. У паядынку за трэцяе месца беларус з лікам 7:1 быў мацнейшы за Аміра Папова з Якуціі.

У камандным турніры сярод юнакоў таксама бронзу заваявала наша тройка ў складзе Глеба Акуневіча, Канстанціна Сівухіна і Аляксея Паўловіча - у медальным матчы беларусы перамаглі якуцкіх лучнікаў (5:3). У спаборніцтвах па кулявой стральбе юнакі вызначалі лепшых у стральбе з вінтоўкі на 10 м, наш Сяргей Кротаў заняў сёмую пазіцыю.

Акрамя таго, сёння ў Якуцку адбыліся паўфінальныя паядынкі жаночага турніру па валейболе. Зборная Беларусі-U16 з лікам 3:0 перамагла равесніц з Сібірскай ФА і выйшла ў фінал, дзе 6 ліпеня згуляе з камандай Уральскай ФА, якая таксама пакуль не мае ніводнага паражэння. Паўфіналы ў хлопцаў будуць згуляны ў пятніцу, беларускія валейбалісты сустрэнуцца з прадстаўнікамі з Узбекістана.

Такім чынам, пасля дзевяці дзён спаборніцтваў у актыве нашай дэлегацыі 76 узнагарод (25 залатых, 21 сярэбраная і 30 бронзавых). Гэты паказчык адпавядае другому радку ў агульным медальным заліку сярод 30 каманд, наперадзе толькі прадстаўнікі Сібірскаай ФА. У пятніцу на VIII Міжнародных гульнях "Дзеці Азіі" будуць разыграны ўзнагароды ў чатырох відах спорту.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі