19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Санкт-Пецярбургу завяршыліся традыцыйныя міжнародныя спаборніцтвы па плаванні "Кубак Уладзіміра Сальнікава", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У заключны дзень спаборніцтваў скарбонка беларускай зборнай папоўнілася трыма медалямі. Чарговае золата турніру заваявала Настасся Шкурдай, на гэты раз нашай спартсменцы пакарылася дыстанцыя 200 м комплексным плаваннем. Таксама Шкурдай разам з сяброўкамі па камандзе Алінай Змушко, Настассяй Куляшовай і Настассяй Каракоўскай выйграла серабро ў камбінаванай эстафеце 4х50 м, у мужчын у гэтым жа відзе праграмы наш квартэт у складзе Івана Буевіча, Антона Кнышава, Рыгора Пякарскага і Руслана Скамарошкі стаў бронзавым прызёрам.
Акрамя таго, беларускія плыўцы былі прадстаўлены яшчэ ў чатырох фіналах нядзелі. Настасся Шкурдай і Рыгор Пякарскі спыніліся за крок ад подыума на дыстанцыі 50 м батэрфляем, Канстанцін Курачкін заняў 5-е месца ў мацнейшым заплыве на 800 м вольным стылем, а Карына Швед паказала 6-ы вынік у фінале на 200 м брасам.
Усяго за тры дні Кубка Уладзіміра Сальнікава нашы плыўцы сабралі 9 узнагарод (па 4 залатыя і бронзавыя, а таксама 1 сярэбраную). Удзел у міжнародным турніры прынялі 250 лепшых спартсменаў рэйтынгу Усерасійскай федэрацыі плавання, 50 вядучых атлетаў Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, а таксама 20 прадстаўнікоў Беларусі.-0-