10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Іжэўску прадаўжаецца першы этап Кубка Расіі па кулявой стральбе з удзелам спартсменаў замежных краін, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На міжнародных спаборніцтвах выступаюць 10 прадстаўнікоў асноўнага і рэзервовага складу нацыянальнай каманды Беларусі. Бронзавы медаль у стральбе з малакалібернага пісталета з дыстанцыі 50 метраў 8 лютага заваявала брастаўчанка Надзея Леанавец. У чацвер скарбонка нашай зборнай папоўнілася яшчэ адной бронзай: на трэцюю прыступку п'едэстала па выніках спаборніцтваў у стральбе з малакалібернай вінтоўкі (практыкаванне лежачы, 50 метраў) падняўся Уладзімір Чарноў.
10 лютага на міжнародным турніры ў Іжэўску жанчыны разыграюць медалі ў стральбе з трох палажэнняў, мужчыны вызначаць мацнейшых у гэтым відзе ў суботу. Першы этап Кубка Расіі з удзелам спартсменаў замежных краін завершыцца 15 лютага.-0-