Сцяг Субота, 14 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 мая 2025, 09:01

Беларусы ўпершыню заваявалі серабро ЧС па пляжным футболе

Фота НАК
Фота НАК
12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі па пляжным футболе ўпершыню стала прызёрам чэмпіянату свету, заваяваўшы сярэбраныя медалі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

11 мая ў паядынку за золата сусветнага першынства на Сейшэлах беларусы ўступілі чэмпіёнам планеты бразільцам з рэзультатам 3:4. Гэта першы такі поспех беларускіх каманд у гульнявых відах спорту.

Безагаворачнымі фаварытамі ўчарашняга фіналу лічыліся бразільцы, і ў самым пачатку сустрэчы Лукаш Лукаа вывеў іх наперад. Беларусы не збіраліся ўступаць, і ў сярэдзіне першага перыяду Яўген Новікаў аднавіў парытэт. Адразу пасля перапынку Радрыга і Дзіёга Катарына двойчы запар трапілі ў вароты Міхаіла Аўгустава. У апошняй трэці лепшы бамбардзір гэтага сусветнага першынства Ігар Брыштэль забіў два мячы - 3:3. І ўсё ж у канцы гульні бразільцы змаглі вырваць перамогу пасля ўдару Радрыга. Ігар Брыштэль другі раз запар стаў лепшым снайперам ЧС, забіўшы 11 мячоў. Год таму ў Дубаі ён 12 разоў трапіў у вароты сапернікаў.
 
На шляху да фінальнага матчу беларускія падапечныя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада сталі лепшымі ў папярэдняй групе А, выйграўшы ў каманд Сейшэльскіх астравоў (6:3), Японіі (6:3) і Гватэмалы (12:3). У чвэрцьфінале былі абыграны іранцы (4:3), а 10 мая ў паўфінале беларусы ўзялі верх над сенегальцамі - 5:2.

Зборная Беларусі чацвёрты раз гуляла ў фінальных стадыях сусветных чэмпіянатаў: у 2024 годзе беларусы занялі чацвёртае месца, у 2019-м і 2021-м не змаглі прабіцца ў плэй-оф.

Чэмпіянаты свету па пляжным футболе пачалі праводзіцца з 1995 года, з 2005 года яны праходзяць пад эгідай ФІФА. Зборная Бразіліі 16 разоў выйгравала золата, па тры чэмпіёнскія тытулы ў каманд Партугаліі і Расіі, адзін раз першынствавалі французы. У фінальным матчы ЧС-2024 у Дубаі бразільцы перамаглі італьянцаў з лікам 6:4, а ў гульні за бронзу іранцы аказаліся мацнейшымі за беларусаў - 6:1.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі