Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
30 чэрвеня 2019, 19:22

Беларусы ў апошні дзень II Еўрапейскіх гульняў заваявалі 8 медалёў, з іх 2 залатыя

30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены ў апошні дзень II Еўрапейскіх гульняў заваявалі 8 медалёў, з якіх 2 залатыя. Беларусы занялі другое месца ў камандным медальным заліку, уступіўшы толькі расіянам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару ўзнялася вопытная веласіпедыстка Таццяна Шаракова, якая была лепшай у індывідуальнай гонцы праследавання. Гэта яе другая ўзнагарода на гульнях у Мінску - да гэтага яна стала бронзавым прызёрам групавой шашэйнай гонкі.

У спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе на дыванах мінскага Палаца спорту чэмпіёнскі тытул у вагавой катэгорыі да 130 кг нечакана для многіх спецыялістаў і балельшчыкаў заваяваў беларус Кірыл Грышчанка. Сярэбраным прызёрам у вагавой катэгорыі да 97 кг стаў яго таварыш па камандзе Аляксандр Грабовік.

У баксёрскім турніры на рынгу палаца спорту "Уручча" беларус Уладзіслаў Смяглікаў заваяваў сярэбраны медаль у вагавой катэгорыі да 91 кг.

Дзве бронзавыя ўзнагароды на татамі "Чыжоўка-Арэны" здабылі беларускія каратысты ў раздзеле кумітэ - Марыя Кулінковіч (вагавая катэгорыя да 50 кг) і Арцём Краўцоў (да 67 кг).

Яшчэ дзве бронзы сёння ў актыве майстроў спартыўнай гімнастыкі - Настасся Алістратава была трэцяй у практыкаваннях на рознавысокіх брусах, а Андрэй Ліхавіцкі ў практыкаваннях на кані.

Такім чынам, атлеты зборнай Беларусі на дамашніх гульнях заваявалі 69 узнагарод - 24 залатыя, 16 сярэбраных і 29 бронзавых. Выдатна выступілі беларускія самбісты, у актыве якіх 15 узнагарод (3, 4, 8). Зноў пацвердзілі свой высокі клас весляры на байдарках і каноэ. Падапечным галоўнага трэнера каманды Уладзіміра Шантаровіча не было роўных на вяслярным канале ў Заслаўі - яны апярэдзілі ўсіх сапернікаў, заваяваўшы 10 медалёў (5, 2, 3). У скарбонцы беларускіх барцоў у трох дысцыплінах 7 медалёў (3, 2, 2). Столькі ж узнагарод у лёгкаатлетаў - 3 залатыя і 4 сярэбраныя.

Майстры спартыўнай акрабатыкі пад купалам "Мінск-Арэны" сталі ўладальнікамі двух залатых і чатырох бронзавых медалёў. Там жа на п'едэстал гонару падымаліся гімнасты. У турніры па мастацкай гімнастыцы беларускія грацыі заваявалі 5 медалёў (2, 1, 2), а ў спартыўнай гімнастыцы ў беларусаў дзве бронзы.

Беларускія веласіпедысты сталі ўладальнікамі 5 узнагарод - 3 на трэку (1 залатая і 2 бронзавыя) і 2 на шашы (па адной залатой і бронзавай). Батутысты двойчы падымаліся на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару і ўзялі адну бронзу. У баксёраў па залатым і сярэбраным медалі. Адзін залаты медаль у дзюдаістаў, лучнікі і стралкі паклалі ў скарбонку па адным сярэбраным медалі, па бронзе заваявалі мужчынская і жаночая зборныя Беларусі па баскетболе 3х3, а таксама каратысты.

У агульнакамандным медальным заліку беларусы ўступілі толькі расіянам, у якіх 109 узнагарод (44, 23, 42), трэцяе месца занялі спартсмены Украіны, што заваявалі 51 медаль (16, 17, 18). Усяго на п'едэстал гонару II Еўрапейскіх гульняў падымаліся прадстаўнікі 43 каманд.

Мінск перадае эстафету польскаму Кракаву, які атрымаў права прыняць у 2023 годзе наступныя Еўрапейскія гульні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі