Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 чэрвеня 2024, 19:55

Беларусы Шангін і Федарынчык выйшлі ў паўфінал ЧС па тайскім боксе

4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У грэчаскіх Патрах прадаўжаецца чэмпіянат свету па муай-тай 2024 года з удзелам беларускіх спартсменаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На спаборніцтвы заявіліся больш за 560 атлетаў з 93 краін. З дзесяці беларусаў, якія стартавалі на турніры, да чвэрцьфіналаў у сваіх катэгорыях дабраліся сямёра - з іх двое ў аўторак змагаліся за выхад у паўфінал. У вазе да 63 кг сярод моладзі наш Іван Шангін у першым раўндзе прайшоў француза Акселя Жыро, а ў 1/4 фіналу быў мацнейшы за Маханада Батбуці з Ірака. Наступным сапернікам беларуса стане алжырац Абдэльмунем Баста.

У катэгорыі да 71 кг сярод спартсменаў не старэйшых за 23 гады наш Яўген Федарынчык пачаў турнір з перамогі над расіянінам Цімафеем Інкіровым, а сёння нанёс паражэнне ўкраінцу Глебу Чабану. Месца ў вырашальным паядынку прадстаўнік Беларусі будзе аспрэчваць з аўстралійцам Каем Уіт-Джонсам. Паўфіналы з удзелам Федарынчыка і Шангіна адбудуцца 7 чэрвеня, абодва атлеты ўжо гарантавалі сабе мінімум бронзу, паколькі баі за трэцяе месца на планетарным форуме не прадугледжаны.

Заўтра на чэмпіянаце свету па тайскім боксе чвэрцьфінальныя паядынкі правядуць нашы Данііл Дзедавец, Валянцін Капытоў і Мікіта Кокаш, у чацвер на гэтай жа стадыі выступяць Арцём Варывоцкі і Міхаіл Якімовіч. Выступленні на турніры ў Грэцыі ўжо завяршылі Сямён Ступакевіч, Валерыя Хвацік і Кацярына Есіс.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі