Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
05 лютага 2016, 18:17

Беларусы разлічваюць на ўдалае выступленне біятланістаў і фігурыстаў на II зімовых юнацкіх Гульнях

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы разлічваюць на ўдалае выступленне біятланістаў і фігурыстаў на II зімовых юнацкіх Гульнях. Аб гэтым расказаў шэф беларускай місіі Сяргей Шаблыка на цырымоніі праводзінаў на II зімовыя юнацкія Алімпійскія гульні ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асаблівыя надзеі ў Лілехамеры звязваем з біятлонам, скорасным бегам на каньках і фігурным катаннем. Аднак і астатнія віды спорту не скідаем з рахункаў. Будзем рады любой узнагародзе, кожнаму ўдаламу выступленню", - адзначыў Сяргей Шаблыка.

Паводле яго слоў, для юных удзельнікаў у Нарвегіі створаны ўсе ўмовы. "Лілехамер - знакавае месца для ўсіх прадстаўнікоў зімовых відаў спорту. У комплексе створаны ўсе ўмовы для спаборніцтваў, трэніровак і пражывання. Маладым спартсменам будзе вельмі карысна прыняць удзел у спаборніцтвах на тых алімпійскіх аб'ектах, на якіх перамагалі самыя вядомыя чэмпіёны ў лыжным і канькабежным спорце, біятлоне і фігурным катанні", - падкрэсліў ён.

Сярэбраны прызёр зімовых Гульняў па біятлоне 1994 года ў Лілехамеры Святлана Парамыгіна, якая прымала ўдзел у цырымоніі праводзін у НАК, таксама пажадала поспехаў беларускай камандзе і сказала, звяртаючыся да спартсменаў: "Толькі вы самі здольныя зрабіць вашу кар'еру доўгай і паспяховай".

У час праводзін беларускай дэлегацыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце падвялі вынік рэспубліканскага конкурсу "Алімпійскі агонь запальвае сэрцы", у якім прынялі ўдзел больш за 1,5 тыс. юнакоў і дзяўчат. Першае месца і галоўны прыз журы прысудзіла Арцёму Контраву з Віцебскай вобласці.

II зімовыя юнацкія Алімпійскія гульні пройдуць з 12 па 21 лютага па 15 відах. Удзел у іх прымуць больш за тысячу атлетаў ва ўзросце 15-18 гадоў, якія прадставяць 70 краін. Беларусь будзе прадстаўлена 16 беларускімі спартсменамі (8 юнакоў і 8 дзяўчат), якія выступяць у сямі відах спорту: біятлоне, гарналыжным спорце, лыжных гонках, канькабежным спорце, снаўбордзе - слоупстайл, фігурным катанні - танцы на лёдзе, хакеі з шайбай - індывідуальнае майстэрства.

Па запрашэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта ў Лілехамер адправіцца малады пасол Настасся Лесік, якая выступала на I зімовых юнацкіх Гульнях у Інсбруку ў гарналыжным спорце. Яна будзе працаваць на розных культурна-адукацыйных праграмах. Адправіцца і малады рэпарцёр Паліна Галавіна (Ігнаценка), якая прайшла навучанне ў школе юных рэпарцёраў у час юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Нанкіне.

На I зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Інсбруку (Аўстрыя) у 2012 годзе Беларусь прадстаўлялі 16 атлетаў у 8 відах спорту. У неафіцыйным медальным заліку Беларусь заняла 24-е месца, заваяваўшы 1 залаты і 1 сярэбраны медалі. Фігурысты Яўгенія Ткачэнка і Юрый Гуліцкі занялі 1-е месца ў змешанай камандзе. Серабро заваяваў канькабежац Раман Дубовік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі