Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 верасня 2024, 13:02

Беларусы перамаглі швейцарцаў на старце Суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі па пляжным футболе з перамогі пачала выступленне ў Суперфінале Еўралігі ў італьянскім Альгера. Сёння ў першым паядынку папярэдняй групы В беларусы сустракаліся з камандай Швейцарыі і атрымалі валявую вікторыю з вынікам 9:6, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пачатак сустрэчы лепш правялі швейцарцы, і спачатку лік адкрыў іх галкіпер Эліят Муну, а потым вызначыўся капітан каманды Ноэль От. Прапусціўшы два мячы, беларусы актывізаваліся, і Алег Гапон, Ягор Гардзецкі, Анатоль Рабко і Яўген Новікаў чатыры разы запар паразілі вароты сапернікаў, на што Дэян Станковіч адказаў дакладным ударам за секунду да перапынку - 4:3 на карысць беларусаў. У самым пачатку другога перыяду Глен Ходэль зраўняў лік, але тут жа Юрый Пятроўскі забіў пяты гол. Незадоўга да другога перапынку Алег Гапон з пенальці аформіў галявы дубль - 6:4. У заключнай трэці матча па другім разе вызначыліся Юрый Пятроўскі і Анатоль Рабко, яшчэ адзін мяч забіў Арцемій Дрозд. Швейцарцы адказалі двума галамі.

Заўтра беларускія падапечныя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада будуць сапернічаць са зборнай Малдовы, а 12 верасня завершаць першы этап матчам з французамі. У квартэце А выступяць зборныя Італіі, Іспаніі, Германіі і Эстоніі, у групе C згуляюць Партугалія, Польшча, Данія і Чэхія. Па выніках групавога этапу вызначацца 8 чвэрцьфіналістаў, якія прадоўжаць барацьбу за ўзнагароды. Турнір завершыцца 15 верасня.

У мінулым сезоне пераможцамі трэці раз у гісторыі сталі італьянцы, якія выйгралі ў фінале ў іспанцаў, а беларусы заваявалі бронзавыя ўзнагароды. У 2021 годзе беларуская зборная заваявала сярэбраныя медалі Еўралігі. Больш за ўсіх тытулаў у партугальцаў, якія 8 разоў станавіліся чэмпіёнамі, па 5 разоў турнір выйгравалі каманды Іспаніі і Расіі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі