Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 кастрычніка 2021, 19:13

Беларусы паспяхова стартавалі ў сусветным фінале конкурсу баскетбольнага майстэрства FIBA

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія каманды паспяхова стартавалі ў сусветным фінале конкурсу баскетбольнага майстэрства пад эгідай FIBA, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі баскетбола.

Мужчынская зборная Беларусі (U-15), колеры якой абаранялі Кірыл Баранчэеў, Сцяпан Абрамовіч, Антон Калякін, Яўген Калюшык і Ягор Комлач, а таксама запасныя Віталь Дучко, Станіслаў Кабанаў, Даніла Семянюк, Мацвей Дзягцяр, атрымалі ўпэўненую перамогу над равеснікамі з Албаніі - 126:160. Наперадзе ў падапечных Сяргея Шайкоўскага віртуальныя проціборствы з дружынамі Аргенціны (16 кастрычніка) і Манголіі (18 кастрычніка).

Беларускія дзяўчаты, якія таксама выступаюць ва ўзроставай катэгорыі U-15, не пакінулі шанцаў камерункам - 136:148. У асноўны склад каманды Таццяны Цырулёвай увайшлі Настасся Аўсіевіч, Соф'я Каменева, Дзіяна Ліндзярова, Яна Барысевіч, Аляксандра Палубок. У любы момант узмацніць гульню былі гатовы Лізавета Грышкевіч, Марыя Ляскоўская, Ксенія Сокальская, Марта Супрун.

У наступных матчах беларускі паспрачаюцца з камандамі Сурынама (17 кастрычніка) і Аўстраліі (19 кастрычніка).

Па выніках групавога этапу, як у спаборніцтвах хлопцаў, так і дзяўчат, па дзве лепшыя каманды з кожнага пула выйдуць у 1/8 фіналу.

Беларусь прымае ўдзел у новым турніры Міжнароднай федэрацыі баскетбола. Згодна з сістэмай спаборніцтваў кожная каманда завочна сустракаецца з кожным сапернікам у рамках сваёй групы. Калектывы ў складзе пяці ігракоў праходзяць эстафету на час, а яе ход фіксуецца на відэа, якое неадкладна адпраўляецца ў Міжнародную федэрацыю баскетбола для вызначэння якасці і хуткасці праходжання выпрабавання. Калі мяч не дасягнуў цэлі або ўдзельнік парушыў правілы, налічваюцца штрафныя ачкі. Пераможцай у гэтым спаборніцтве лічыцца каманда, якая набрала найменшую колькасць балаў. У 2020 годзе наша мужчынская каманда U-17 увайшла ў васьмёрку наймацнейшых.

У фінале ФІБА выступаюць па 32 лепшыя зборныя свету ў хлопцаў і дзяўчат, якія паспяхова прайшлі кваліфікацыю ў сваім рэгіёне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі