
7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены паспяхова стартавалі на міжнародных спаборніцтвах Кубак добрай волі па веславанні на байдарках і каноэ, якія праходзяць у Маскве, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У першы дзень беларускія весляры заваявалі 15 узнагарод, сярод якіх шэсць залатых медалёў. Сярод дарослых пераможцамі ў сваіх відах сталі чэмпіён свету Алег Юрэня (К1, 1000 м) і тандэм прызёраў Алімпійскіх гульняў і сусветных пяршынстваў Марына Літвінчук / Вольга Худзенка (К2, 500 м). У моладзі і юніёраў на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару падняліся Дзяніс Ярмоленка (U-19; К1, 1000 м), Мікіта Санько (U-24; К1, 1000 м), тандэмы Данііл Верашчака / Павел Лазаковіч (U-19; C2, 500 м), Марыя Ахраменка / Паліна Мяжэнная (U-19; К2, 500 м).
Усяго ў спаборніцтвах, якія завершацца 10 верасня, прымаюць удзел амаль 500 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана, Турцыі і іншых краін.-0-