2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Чэлябінску прадаўжаецца пяты этап Маладзёжнай валейбольнай лігі Расіі сярод дзяўчат, у якой выступае юніёрская зборная Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У трэцяй гульні пятага туру МВЛ нашы дзяўчаты сустракаліся з клубам "Цюмень-Прыбой". Гэты матч стаў для каманд другім за тры дні, 31 студзеня беларускі былі мацнейшыя з лікам 3:0. Не менш упэўненай была і сённяшняя перамога: ні ў адным з сэтаў нашы юніёркі не дазволілі саперніцам дайсці да мяжы дваццаць ачкоў. Як вынік - зноў 3:0 на карысць зборнай Беларусі (25:15, 25:19, 25:14).
Чацвёрты і заключны паядынак у рамках этапу беларуская зборная згуляе заўтра супраць гаспадынь пляцоўкі з клуба "Дынама-Метар". У папярэднім матчы паміж камандамі мацнейшымі былі дзяўчаты з Чэлябінска - 3:0, паўторная сустрэча стартуе ў 11.00 па мінскім часе. Пасля 17 гульняў сезона Маладзёжнай валейбольнай лігі Расіі нашы юніёркі з 30 ачкамі займаюць 5-е месца сярод 14 удзельнікаў турніру.-0-