Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 лістапада 2019, 14:13

Беларускія спартсмены на Алімпіядзе ў Токіа могуць заваяваць каля 100 ліцэнзій

13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены да Алімпійскіх гульняў у Токіа могуць заваяваць каля 100 ліцэнзій. Такі прагноз агучыў сёння міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук на пасяджэнні аргкамітэта па забеспячэнні падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартсменаў у XXXII летніх Алімпійскіх гульнях і XVI летніх Паралімпійскіх гульнях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што да пачатку спаборніцтваў засталося крыху больш за восем месяцаў. З боку дзяржавы, паводле яго слоў, прыняты ўсе неабходныя меры для забеспячэння належнай падрыхтоўкі да маючых адбыцца спаборніцтваў.

На гэты час завяршаецца трэці этап падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў, галоўнай задачай якога з'яўляецца заваяванне імі права ўдзелу ў гульнях і мадэляванне спаборніцкай дзейнасці ва ўмовах, набліжаных да спаборніцтваў. У адпаведнасці з прагнозам па праграме падрыхтоўкі планаваўся адбор да Алімпіяды 2020 года больш як 300 спартсменаў у 124 дысцыплінах па 30 відах спорту.

Па стане на 6 лістапада алімпійскія кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы выканалі 63 беларускія спартсмены ў 51 дысцыпліне па 13 відах спорту. У іх ліку барацьба, веласпорт, гімнастыка, веславанне, лёгкая атлетыка, плаванне, парусны спорт. Адбор па некаторых відах спорту прадоўжыцца да канца чэрвеня 2020 года.

"Лічым, што да завяршэння алімпійскага адборачнага перыяду рэальна можна разлічваць на заваяванне каля 100 алімпійскіх ліцэнзій, - лічыць Сяргей Кавальчук. - Аналіз выступленняў каманд па летніх відах спорту ў апошніх двух алімпійскіх цыклах сведчыць аб тым, што традыцыйна рэзультатыўнымі для Беларусі з'яўляюцца веславанне на байдарках і каноэ, цяжкая атлетыка, мастацкая гімнастыка, скачкі на батуце, барацьба".

На сёння магчымасць адабрацца ў Токіа, паводле слоў міністра, захоўваюць мужчынская гандбольная зборная, жаночая баскетбольная зборная (3х3) і жаночая каманда па пляжным валейболе. Разам з тым не даводзіцца разлічваць на высокія медальныя перспектывы беларускіх спартсменаў у бадмінтоне, сінхронным плаванні, конным спорце, таэквандо.

Сяргей Кавальчук перакананы, што толькі сумесная работа Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, федэрацый па відах спорту, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў дасць магчымасць паспяхова вырашыць усе задачы па забеспячэнні падрыхтоўкі ўдзелу беларускіх спартсменаў у маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях.

У час пасяджэння аргкамітэта былі разгледжаны пытанні падрыхтоўкі спартсменаў-кандыдатаў на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа, існуючыя праблемныя пытанні, аснашчанасць каманд неабходным інвентаром, экіпіроўкай, медыцынскім абсталяваннем, а таксама сродкамі аднаўлення, пытанні антыдопінгавага кантролю спартсменаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі