
27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Кемераве ў Лядовым палацы "Кузбас" прадаўжаецца чэмпіянат Расіі па канькабежным спорце на асобных дыстанцыях, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Удзел у спаборніцтвах прымаюць 160 спартсменаў з 25 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, а таксама мацнейшыя беларускія канькабежцы. У другі дзень турніру скарбонка нашай зборнай папоўнілася трыма ўзнагародамі. На дыстанцыі 1000 м у мужчын бронзу заваяваў Віктар Рудэнка, таксама на трэцюю прыступку п'едэстала па выніках каманднай гонкі паднялася жаночая каманда Беларусі. У гэтай жа дысцыпліне сярод мужчын нашы спартсмены сталі сярэбранымі прызёрамі.
Такім чынам, пасля двух дзён спаборніцтваў у актыве беларускай зборнай ужо 5 медалёў (1-1-3). Напярэдадні ўладальніцай золата на дыстанцыі 3000 м стала Марына Зуева, а Ганна Дамарацкая выйграла бронзу на "пяцісотцы". Чэмпіянат Расіі па канькабежным спорце на асобных дыстанцыях завершыцца 29 снежня, заўтра на турніры вызначацца пераможцы на дыстанцыі 1500 м, а таксама ў гонках з масавым стартам.-0-